
Абласны сход членаў Беларускай гандлёва-прамысловай палаты па выбарах дэлегатаў XII З'езда БелГПП адбыўся ў Магілёве.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар, намеснік дырэктара Дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці – начальнік упраўлення каардынацыі знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Яраслаў Міцкевіч, больш за 120 прадстаўнікоў прадпрыемстваў – членаў БелГПП.
Старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў падвёў вынікі ключавых напрамкаў работы Палаты за тры гады, адзначыўшы, што ў гэты няпросты для бізнесу перыяд БелГПП актыўна шукала і ўкараняла новыя метады і фарматы работы, пашырала і асучаснівала паслугі па падтрымцы прадпрыемстваў-членаў і папулярызацыі беларускага экспарту.
Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар адзначыў ролю БелГПП і яе абласнога аддзялення ва ўстанаўленні і развіцці міжнародных і міжрэгіянальных эканамічных сувязей, павышэнні экспартнага патэнцыялу вобласці, выказаў пажаданне развіваць новыя формы ўзаемадзеяння з бізнесам і садзейнічання выхаду на новыя рынкі. Таксама ён адзначыў, што органы кіравання Магілёўскай вобласці заўсёды гатовы ўключыцца ў працэс падтрымкі прадпрыемстваў па пошуку партнёраў для супрацоўніцтва за мяжой.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў сходу, намеснік дырэктара дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС Беларусі Яраслаў Міцкевіч адзначыў актыўную ролю БелГПП у працэсах асваення беларускімі прадпрыемствамі новых рынкаў збыту і наладжвання партнёрскіх сувязей з замежнымі кампаніямі.
Удзельнікі абласнога сходу заслухалі справаздачу генеральнага дырэктара Магілёўскага аддзялення БелГПП аб рабоце унітарнага прадпрыемства ў 2019–2022 гадах. Генадзь Чорны адзначыў станоўчую дынаміку развіцця аддзялення, дзейнасць якога ў гэтыя папярэднія тры гады была накіравана на аказанне максімальнай падтрымкі бізнесу ў пераадоленні цяжкасцей, павышэнне экспартнага патэнцыялу рэгіёну. Генеральны дырэктар запэўніў, што гэты прыярытэт захаваецца і ў будучай дзейнасці аддзялення.
Начальнік юрыдычнага ўпраўлення БелГПП Віталь Вабішчэвіч расказаў аб асабліва актуальнай у бягучай сітуацыі паслузе БелГПП па сведчанні форс-мажору, а таксама аб садзейнічанні беларускім прадпрыемствам па вырашэнню канфліктных сітуацый з замежнымі контрагентамі ў цяперашніх санкцыйных умовах.
Вопытам супрацоўніцтва з Магілёўскім аддзяленнем БелГПП падзяліліся дырэктар ААТ «Славянка», старшыня Бабруйскай асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Тэймураз Бачарышвілі, кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Магілёў» Андрэй Ярцаў.
Па выніках галасавання абраны 14 дэлегатаў, якія будуць прадстаўляць на З'ездзе бізнес Магілёўскай вобласці.
У рамках абласнога сходу таксама адбылося ўзнагароджанне прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці – дыпламантаў рэспубліканскага конкурсу «Лепшы экспарцёр 2021 года» і ўручэнне пасведчанняў новым членам БелГПП у рэгіёне.
Чарговы XII З'езд Беларускай гандлёва-прамысловай палаты склікаецца рашэннем Савета Палаты 5 кастрычніка 2022 г. З'езд разгледзіць вынікі дзейнасці БелГПП за тры апошнія гады і вызначыць напрамкі далейшай работы.