Беларуская экспазіцыя на выставе FoodExpo Qazaqstan 2023
1 лістапада 2023 г

Беларускія прадпрыемствы мясаперапрацоўчай і малочнай галіны прымаюць удзел у буйнейшым спецыялізаваным выставачным мерапрыемстве Казахстана – 25-й Цэнтральна-Азіяцкай міжнароднай выставе «Харчовая прамысловасць» (FoodExpo Qazaqstan 2023), якая адкрылася 1 лістапада ў Алматы.

Мерапрыемства ўрачыста адкрылі Віцэ-міністр сельскай гаспадаркі Рэспублікі Казахстан Азат Султанаў і Віцэ-міністр сельскай гаспадаркі, прыроды і якасці прадуктаў харчавання Нідэрландаў Ян Кейс Худ. Выстава FoodExpo Qazaqstan сабрала на адной пляцоўцы звыш 300 кампаній-удзельніц з 33 краін. Апроч Рэспублікі Беларусь калектыўныя краінавыя экспазіцыі на выставе прадстаўляюць Венгрыя, Інданезія, Польшча, Расія, Паўночная Македонія, ЗША, Шры-Ланка і Паўднёвая Карэя.

Арганізатар беларускай экспазіцыі – выставачнае прадпрыемства «Белінтэрэкспа» БелГПП.

У секцыі «Мяса і мясная прадукцыя» прадстаўлены прадпрыемства «Вялес-Міт», а таксама Ваўкавыскі, Гродзенскі, Пінскі і Слонімскі мясакамбінаты. Вытворцы знаёмяць казахстанскіх спажыўцоў з шырокім асартыментам каўбасных вырабаў, дэлікатэсаў, вэнджаніны і кансерваў.

Прадпрыемствы малочнай галіны – «Беллакт», «Малочныя Горкі», Лідскі малочна-кансервавы камбінат, Горацкі харчовы камбінат – дэманструюць малако, сыры, масла, сухое дзіцячае харчаванне, сухое малако.

Выставу FoodExpo Qazaqstan традыцыйна суправаджае насычаная дзелавая праграма, удзел у якой дае магчымасці прадстаўнікам бізнесу абмяняцца вопытам і бачаннем далейшага развіцця харчовай галіны. У прыватнасці, у рамках дзелавой праграмы адбудуцца бізнес-сесія «Устойлівае развіццё прадпрыемстваў харчовай прамысловасці», а таксама шэраг іншых мерапрыемстваў. Для правядзення прамых перагавораў паміж гандлёвымі сеткамі і дыстрыбутарамі на тэрыторыі выставы арганізаваны рытэйл-цэнтр.

У дзень адкрыцця выставы адбыўся штогадовы прафесійны конкурс-дэгустацыя «Лепшы прадукт FoodExpo Qazaqstan 2023», па выніках якога кампанія «Малочныя горкі» была ўдастоена дыплома ў намінацыі «Малочныя прадукты», а Горацкі харчовы камбінат атрымаў узнагароду ў намінацыі «Кісламалочныя напоі».

Выстава працягнецца да 3 лістапада ўключна.

Фота
Відэа