
18 снежня ў рамках афіцыйнага візіту ў Рэспубліку Беларусь Губернатара Маскоўскай вобласці Мінскім аддзяленнем БелГПП сумесна з Мінскім абласным выканаўчым камітэтам арганізаваны бізнес-форум «Рэспубліка Беларусь – Маскоўская вобласць» і двухбаковыя дзелавыя перагаворы паміж прадстаўнікамі беларускіх прадпрыемстваў і прадпрыемствамі Маскоўскай вобласці. Мерапрыемства адбылося ў канферэнц-зале індустрыяльнага парка «Вялікі камень».
Форум адкрылі старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын і Губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй Вараб'ёў. Мадэратарам мерапрыемства выступіў генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка.
У сваім выступленні старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын адзначыў: «Структура эканомікі Мінскай і Маскоўскай абласцей маюць шмат агульнага. Значная частка – гэта апрацоўчая прамысловасць. Таму ёсць поле для супрацоўніцтва. У наступным годзе мусіць быць адпрацаваны план нашых мерапрыемстваў, напоўнены канкрэтыкай. Я думаю, гэта будзе зыходным пунктам у інтэнсіфікацыі нашых узаемаадносін».
Губернатар Маскоўскай вобласці падкрэсліў: «Ёсць аграрны бізнес, які паспяховы і ў Рэспубліцы Беларусь, і ў Расійскай Федэрацыі, і ён знаходзіць сінэргію з абодвух бакоў. Ёсць і перапрацоўчая прамысловасць, ёсць мікраэлектроніка. Сёння гэтыя аб'ёмы заўважныя. Наша задача – стварыць умовы для далейшага развіцця. Такое жаданне ёсць і па культурным абмене, і па адукацыйных праграмах».
У ходзе форуму з прэзентацыяй аб супрацоўніцтве Маскоўскай вобласці і Рэспублікі Беларусь выступіла намеснік Старшыні Урада Маскоўскай вобласці – Міністр інвестыцый, прамысловасці і навукі Кацярына Зіноўева; прамысловы і інвестыцыйны патэнцыял Беларусі прадставіў намеснік Міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Навумовіч.
На адкрыцці з прэзентацыямі таксама выступілі намеснік Старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Бурак, які расказаў аб тэхнічным нарміраванні і стандартызацыі, начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічных сувязей Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь Віталь Барчук, які прадставіў праекты беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў прамысловай сферы, Аляксандр Асмалоўскі – старшыня праўлення ААТ «Беларуская універсальная таварная біржа», які расказаў аб перавагах выкарыстання біржавых электронных пляцовак.
З кароткім дакладам аб асаблівасцях работы падмаскоўных кампаній на беларускім рынку выступіў намеснік Міністра інвестыцый, прамысловасці і навукі Маскоўскай вобласці Адзіл Ганцоў.
Пасля заканчэння афіцыйнай часткі генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка прадставіў кіраўнікоў і прадстаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў – удзельнікаў мерапрыемства, а выканаўчы дырэктар Фонду падтрымкі знешнеэканамічнай дзейнасці Маскоўскай вобласці Максім Чарапахін прадставіў расійскі бізнес.
Пасля пленарнай часткі работа форуму была прадоўжана двухбаковымі перагаворамі паміж беларускімі і расійскімі прадпрыемствамі. З беларускага боку ў іх прынялі ўдзел больш за 30 прадпрыемстваў, з боку Маскоўскай вобласці – сем. У ходзе перагавораў абмяркоўваліся пытанні пастаўкі ў Беларусь нержавеючых труб, абсталявання для электрычных сетак, прамысловых помпаў, электрагенератараў і трансфарматараў, элементаў бяспекі сістэм даху, прадукцыі з ласося і стронгі.
У рамках форуму была арганізавана вулічная экспазіцыя прамысловых дасягненняў Мінскай вобласці. Свае распрацоўкі тут прадставілі прадпрыемствы «Пажснаб», АТК, Geely.