Бізнес-місія Архангельскай вобласці ў Мінск
23 красавіка 2024 г

Мінскім аддзяленнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты сумесна з Агенцтвам рэгіянальнага развіцця Архангельскай вобласці і Саюзам «Гандлёва-прамысловая палата Архангельскай вобласці» ў рамках візіту ў Рэспубліку Беларусь дэлегацыі расійскага рэгіёну пад кіраўніцтвам губернатара Аляксандра Цыбульскага арганізавана насычаная дзелавая праграма.

На пляцоўцы «Прэзідэнт-Атэля» адбыўся бізнес-форум «Беларусь – Архангельская вобласць», у якім прынялі ўдзел кіраўнікі больш за 30 расійскіх кампаній і 120 прадстаўнікоў беларускага бізнесу.

Пленарную частку форуму адкрылі генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка, старшыня канцэрна «Беллеспаперапрам» Аляксандр Пшэнны і губернатар Архангельскай вобласці Аляксандр Цыбульскі.

У сваіх выступленнях яны адзначылі рэалізацыю пунктаў плана сумесных мерапрыемстваў па развіццю супрацоўніцтва, якія паслужылі імпульсам для актыўнага павелічэння тавараабароту і развіцця дзелавых кантактаў.

Даведачна.

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у студзені – снежні 2023 года тэмп росту тавараабароту паміж Беларуссю і Архангельскай вобласцю склаў 145 працэнтаў. І тавараабарот, і экспарт у Архангельскую вобласць у 2023 годзе былі рэкорднымі.

Праграма бізнес-форуму прадугледжвала знаёмства з інвестыцыйным і турыстычным патэнцыялам Беларусі і Архангельскай вобласці. Таксама прэзентаваны лагістычныя магчымасці Архангельскага марскога гандлёвага порта, які ўяўляе цікавасць для беларускага бізнесу як выхад праз Паўночны марскі шлях на далёкія рэгіёны Расіі.

Пасля завяршэння пленарнай часткі адбыліся двухбаковыя дзелавыя перагаворы. Бакі прадметна абмеркавалі перспектывы партнёрства па такіх напрамках, як цэлюлозна-папяровая прамысловасць, дрэваапрацоўка, харчовая прамысловасць, вытворчасць тытунёвай прадукцыі, сельская гаспадарка, лагістыка, энергазберажэнне, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў і металургічнай прадукцыі, вытворчасць аўтатэхнікі, нарыхтоўка і перапрацоўка дзікарослых ягад і грыбоў, станкабудаванне і металаапрацоўка.

Акрамя таго, у час візіту ў Беларусь удзельнікі дэлегацыі Архангельскай вобласці наведалі ААТ «АМКАДОР», ААТ «МАЗ», ЗАТ «МАЗ-МАН», ААТ «БЕЛАЗ», УП «Папяровая фабрыка» Дзяржзнака, ААТ «Барысаўдрэў», ААТ «Барысаўскі» ДАК», ААТ «Дорорс», РУП «Інстытут пладаводства», РУП «НПЦ НАН РБ па бульбаводстве і плодаагародніцтве», ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Беларускія шпалеры», Навукова-вытворчы аддзел «Біятэхналагічны комплекс» Батанічнага саду НАН РБ, МНС і іншыя прадпрыемствы і арганізацыі. Адбыліся сустрэчы з кіраўніцтвам і экспертамі гэтых арганізацый, расейскія госці атрымалі магчымасць пазнаёміцца з вытворчымі працэсамі і ацаніць якасць прадукцыі.

Як адзначыў у гутарцы з журналістамі генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка, візіт у Беларусь дэлегацыі Архангельскай вобласці, а таксама дзелавыя мерапрыемствы па лініі гандлёва-прамысловых палат адкрылі новыя гарызонты, магчымасці супрацоўніцтва і далі магчымасць не толькі забяспечыць перагаворы дэлегацый, але таксама закласці аснову для далейшай работы па тэматыцы лакалізацыі вытворчасці, рэалізацыі перспектыўных праектаў, прамысловага супрацоўніцтва і іншых напрамках.


Фота
Наверх