Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае адкрыццю Дзён Мінскай вобласці, адбылося на пляцоўцы павільёна «Рэспубліка Беларусь» на ВДНГ у Маскве.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын, Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзейнасці ў рамках Саюзнай дзяржавы і адносін з Расійскай Федэрацыяй, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты, генеральны дырэктар Мінскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Сяргей Набешка, прадстаўнікі кіраўніцтва шэрага расійскіх рэгіёнаў, з якімі найбольш цесна ўзаемадзейнічае Мінская вобласць, – Архангельскай, Ленінградскай, Маскоўскай і Омскай абласцей і Рэспублікі Інгушэція.
Прэзентацыя Мінскай вобласці на ВДНГ адчыніла дзверы для наведвальнікаў 17 мая і прадоўжыцца па 2 чэрвеня. Тэматычная экспазіцыя завяршае цыкл прэзентацый рэгіёнаў Беларусі на пляцоўцы найбуйнейшага шматфункцыянальнага выставачнага комплексу Масквы.
Міншчына – цэнтральны і найбольш значны рэгіён Рэспублікі Беларусь. У ёй адлюстроўваецца ўся Беларусь у мініяцюры. Госці павільёна ў дні працы экспазіцыі змогуць азнаёміцца з гераічнай гісторыяй вобласці, прыроднай і культурнай спадчынай, дасягненнямі ў сферы інавацый, прамысловым, турыстычным патэнцыялам.
Ключавое значэнне падчас Дзён рэгіёна атрымала тэма эканамічнага развіцця і сувязей з расійскімі партнёрамі. Эканамічны патэнцыял найбуйнейшай вобласці краіны прадстаўляюць стэнды вядучых прамысловых флагманаў, а таксама вытворцаў высакаякасных натуральных прадуктаў харчавання.
Акрамя таго, у рамках прэзентацыі прадстаўлены элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Міншчыны, у тым ліку ўключаныя ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Пройдуць выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, традыцыйных народных рамёстваў, майстар-класы майстроў народнай творчасці, выступленні аматарскіх калектываў мастацкай творчасці Мінскай вобласці.