Экспазіцыя Беларусі на міжнароднай выстаўцы «ІНАПРОМ. Цэнтральная Азія» ў Ташкенце
25 красавіка 2022 г

Экспазіцыя Рэспублікі Беларусь пачала работу на міжнароднай прамысловай выстаўцы «ІНАПРОМ. Цэнтральная Азія», якая адкрылася ў Ташкенце 25 красавіка. У экспазіцыі прымаюць удзел 18 буйных прамысловых прадпрыемстваў, канцэрнаў і навуковых арганізацый. Кампаніі прадстаўляюць лепшую прадукцыю, а таксама перадавыя навукова-тэхнічныя распрацоўкі.

Арганізатарам экспазіцыі выступае выставачнае прадпрыемства «Белінтэрэкспа» Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Экспазіцыя арганізавана пры падтрымцы Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь, Пасольства Беларусі ва Узбекістане.

Беларускі павільён наведалі Міністр прамысловасці і гандлю Расійскай Федэрацыі Дзяніс Мантураў і Намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Узбекістан па пытаннях інвестыцый і знешнеэканамічных сувязей – Міністр інвестыцый і знешняга гандлю Сардар Умурзакаў. Высокія госці азнаёміліся з прадукцыяй БЕЛАЗа, Беларускага металургічнага завода, прадпрыемства «Бабруйскаграмаш», Мінскага аўтамабільнага завода. Асобая цікавасць праяўлена да прадукцыі Мінскага падшыпнікавага завода.

У рабоце галоўнай пленарнай сесіі «Цэнтральная Азія: прастора тэхналагічнага прарыву» ў якасці запрошанага спікера ад Беларусі прыняў удзел намеснік Міністра прамысловасці Дзмітрый Харытончык.

Беларуская экспазіцыя на Міжнароднай прамысловай выстаўцы «ІНАПРОМ. Цэнтральная Азія» адрозніваецца разнастайнасцю прадстаўленых раздзелаў. Навінкі ў галіне машынабудавання прадстаўляюць БЕЛАЗ, холдынг «БЕЛАЎТАМАЗ», BKM Holding, Мінскі трактарны завод, прадпрыемствы «Амкадор», «Гомсельмаш», «Бабруйскаграмаш».

Абсталяванне, матэрыялы і камплектуючыя для машынабудаўнічага комплексу дэманструюць гасцям выстаўкі БАТЭ, прадпрыемствы «Чырвоны барэц», «СтанкаГомель», Станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава, Беларускі металургічны завод, Кранавы завод, Мінскі маторны завод.

Аб'яднаны стэнд Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях уключае больш за 130 навукова-тэхнічных распрацовак, уключаючы лінейку беспілотных лятальных апаратаў, супрацьракавыя прэпараты, маставы мабільны кран, высокатэхналагічныя медыцынскія вырабы, ізаляцыйныя рэсурсазберагальныя матэрыялы і іншае. Распрацоўкі дэманструюць арганізацыі Міністэрства адукацыі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. «НВА Цэнтр» прадстаўляе тэхналагічныя лініі для перапрацоўкі і ўзбагачэння мінеральнай сыравіны.

Фота
Наверх