
Экспазіцыя Рэспублікі Беларусь была прадстаўлена на 22-й Міжнароднай выставе «Прадукты харчавання, напоі, інгрэдыенты, упакоўка і абсталяванне для харчовай прамысловасці» (InterFood Astana), якая адкрылася ў Нур-Султане 25 мая.
Арганізатарам экспазіцыі выступіла выставачнае прадпрыемства «Белінтэрэкспа» Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Экспазіцыя арганізавана пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан.
Беларускі павільён на выставе наведалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан Павел Уцюпін, старшыня Асацыяцыі экспарцёраў Рэспублікі Казахстан Гульміра Юсупава.
Беларускую экспазіцыю адрознівала разнастайнасць дэманстраванай прадукцыі.
У сегменце мясной прамысловасці была прадстаўлена прадукцыя Ашмянскага мясакамбіната. Малочны сегмент уключаў цэльнамалочную прадукцыю, сыры, масла, пудынгі, марожанае, сухую сыроватку ад «Малочнага міру», Мінскага малочнага завода № 1, Слуцкага сыраробнага камбіната. Сярод навінак, прадстаўленых у экспазіцыі, – глазураваныя сыркі без дабаўлення цукру (Мінскі малочны завод № 1) і лінейка мяккіх сыроў і тварожных крэмаў Bela Bovino («Малочны мір»).
У 2022 годзе ў выставе InterFood Astana прынялі удзел больш за 60 кампаній з 6 краін: Беларусі, Італіі, Іспаніі, Казахстана, Расіі, Саудаўскай Аравіі.Выстава працавала да 27 мая.