
У рамках старшынства Рэспублікі Беларусь у Садружнасці Незалежных Дзяржаў у 2021 годзе, а таксама з нагоды 30-годдзя СНД Беларускай гандлёва-прамысловай палатай арганізавана сустрэча кіраўнікоў гандлёва-прамысловых палат дзяржаў – удзельніц Садружнасці «30 гадоў для развіцця дзелавога асяроддзя: што зроблена галоўнае, магістральныя напрамкі развіцця гандлёва-прамысловых палат».
У мерапрыемстве прынялі ўдзел першы намеснік Старшыні Выканаўчага камітэта – Выканаўчага сакратара СНД Леанід Анфімаў, пастаянны паўнамоцны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры статутных і іншых органах СНД Марына Даўгаполава, старшыня БелГПП Уладзімір Улаховіч, старшыня Гандлёва-прамысловай палаты Туркменістана Даўлетгелдзі Рэджэпаў, старшыня Гандлёва-прамысловай палаты Рэспублікі Узбекістан Адхам Ікрамаў, старшы віцэ-прэзідэнт Гандлёва-прамысловай палаты Кыргызскай Рэспублікі Раман Касымаў, першы намеснік старшыні Гандлёва-прамысловай палаты Рэспублікі Таджыкістан Насім Анвараў, в.а. віцэ-прэзідэнта Гандлёва-прамысловай палаты Рэспублікі Арменія Карэн Іваноў, віцэ-прэзідэнт Гандлёва-прамысловай палаты Рэспублікі Малдова Наталля Каленік, віцэ-прэзідэнт Гандлёва-прамысловай палаты Расійскай Федэрацыі Уладзімір Падалка, кіраўнікі дыпламатычных місій краін СНД у Рэспубліцы Беларусь.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі вынікі сумеснай работы гандлёва-прамысловых палат дзяржаў СНД, актуальныя праблемы і планы ўзаемадзеяння на бліжэйшую перспектыву, прыярытэтныя напрамкі развіцця супрацоўніцтва.
Першы намеснік Старшыні Выканаўчага камітэта – Выканаўчага сакратара СНД Леанід Анфімаў адзначыў, што ў краін СНД ёсць вялікі патэнцыял, які на сённяшні дзень не раскрыты. Дзяржавам Садружнасці трэба аб'яднаць намаганні, каб разам процістаяць знешнім выклікам, і да гэтай работы павінны падключыцца ўсе структуры, у тым ліку гандлёва-прамысловыя палаты. «Гандлёва-прамысловая палата аб'ядноўвае па вертыкалі і гарызанталі ўсе слаі бізнесу, пачынаючы ад дробнага да буйнога, а таксама напрамкі гаспадарча-эканамічнай дзейнасці – прамысловасць, сельскую гаспадарку, фінансы, паслугі. Таму ГПП можа нівеліраваць негатыўныя наступствы знешняга націску праз актывізацыю ўзаемных сувязей паміж бізнес-структурамі розных дзяржаў», – адзначыў Леанід Анфімаў.
У сваю чаргу старшыня БелГПП Уладзімір Улаховіч пра 30-годдзе СНД адзначыў: «Гэта добрая нагода азірнуцца назад, паглядзець, які шлях прайшла наша Садружнасць. За гэтыя гады развіваліся інфраструктура, дамоўная база, дзелавыя асацыяцыі. Беларуская гандлёва-прамысловая палата мае шэраг паслуг, звязаных з дзейнасцю СНД. У прыватнасці, працуе зона свабоднага гандлю, і мы выдаем сертыфікаты прадпрыемствам для таго, каб здымаць непатрэбныя гандлёвыя абцяжаранні і працаваць у мэтах гэтай зоны. Працуе выставачна-кірмашовы камітэт СНД. Мы штогод фарміруем агульны парадак дня, абмяркоўваем выставы, матывуем прадпрыемствы ў іх удзельнічаць. Гэта прыносіць свае вынікі».
Гаворачы аб перспектывах, ён звярнуў увагу, што тыя ўмовы, якія цяпер ёсць на знешнім перыметры, матывуюць і абавязваюць умацоўваць ролю і значнасць гандлёва-прамысловых палат як дзелавых асацыяцый. «Канцэпцыя развіцця Садружнасці да 2030 года ўключае цэлы шэраг пазіцый, якія нязменна будуць у нашым парадку дня – гэта цыфравізацыя дзелавых адносін, транспартныя калідоры, пытанні экалогіі, якія сёння закранаюць у тым ліку і дзелавое асяроддзе. У прыватнасці, не так даўно быў прыняты Нацыянальны план дзеянняў па развіццю зялёнай эканомікі на найбліжэйшыя пяць гадоў. У ім ёсць канкрэтныя пазіцыі для бізнесу, – адзначыў Уладзімір Улаховіч. – Мы павінны развіваць і ўмацоўваць нашу Садружнасць, быць мацней, дапаўняць адзін аднаго, умацоўваць устойлівасць нашых гандлёвых эканамічных сувязяў і дамагацца сур'ёзных вынікаў».
Мерапрыемствы БелГПП у рамках старшынства Беларусі ў СНД і 30-годдзя Садружнасці прадоўжыла трынаццатае пасяджэнне Кансультатыўнага савета палат дзяржаў – членаў Еўразійскага эканамічнага саюза.
У ходзе пасяджэння старшыня БелГПП Уладзімір Улаховіч, старшы віцэ-прэзідэнт ГПП Кыргызстана Раман Касымаў, в.а. віцэ-прэзідэнта ГПП Арменіі Карэн Іваноў, віцэ-прэзідэнт ГПП РФ Уладзімір Падалка абмеркавалі пытанні падтрымцы экспарту і пашырэнню тавараў дзяржаў – членаў ЕАЭС на рынкі трэціх краін, перашкоды для свабоднага руху тавараў, паслуг, капіталу, рабочай сілы на ўнутраным рынку ЕАЭС, перспектывы стварэння у рамках Саюза міжнароднага камерцыйнага арбітражу, напрамкі работы ГПП для развіцця прамысловай кааперацыі ў ЕАЭС.