Міжнародны форум дзелавых кантактаў «Брэст – Кітай. Стратэгічнае партнёрства» ў Брэсце
25 красавіка 2024 г

23–24 красавіка ў Брэсце адбыўся міжнародны форум дзелавых кантактаў «Брэст – Кітай. Стратэгічнае партнёрства».

Форум сабраў на сваёй пляцоўцы каля 250 удзельнікаў – прадстаўнікоў дзелавых колаў, дзяржаўных устаноў і арганізацый – з Беларусі і некалькіх правінцый Кітайскай Народнай Рэспублікі: Ляанін, Хубэй, Аньхой, Шаньсі (пабрацімы Брэсцкай вобласці), а таксама Хэйлундзян і Пекін, Шанхай, Ганконг.

Форум такога фармату ў абласным цэнтры быў арганізаваны ўпершыню. Акцэнт зроблены на ўсебаковым узаемадзеянні Брэсцкай вобласці і Кітая. Як адзначыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, Міжнародны форум дзелавых кантактаў у Брэсце заўсёды быў у ліку брэндавых мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё ўзаемадзеяння бізнесу і дзяржавы. Тое, што сёлета арганізатары сканцэнтравалі ўвагу на Кітайскай Народнай Рэспубліцы, падкрэслівае высокі ўзровень даверу паміж Беларуссю і Кітаем. «Нягледзячы на тое, што Брэсцкая вобласць гандлюе з 88 краінамі свету, другім найбуйнейшым партнёрам Брэсцкай вобласці ў частцы знешняга гандлю з'яўляецца Кітай. Супрацоўніцтва ажыццяўляецца ва ўсіх сферах: гандаль, лагістыка, адукацыя, культура, турызм і іншыя», – падкрэсліў кіраўнік рэгіёну.

У першы дзень форуму быў падпісаны шэраг важных стратэгічных двухбаковых дакументаў, у тым ліку мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Брэсцкім аддзяленнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Асацыяцыяй кітайскіх кампаній.

Праграма форуму ўключала пленарнае пасяджэнне «Міжнароднае супрацоўніцтва паміж Брэсцкай вобласцю Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай», а таксама абмеркаванне пытанняў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, у рамках тэматычных секцый.

Дзелавыя колы з Беларусі і Кітая абмеркавалі вынікі і перспектывы супрацоўніцтва, якое датычыцца прамысловасці, інавацый, будаўніцтва, лагістыкі, адукацыі, аховы здароўя, навукі, спорту і турызму. Акрамя таго, кітайскім партнёрам прадстаўлены эканамічны патэнцыял свабоднай эканамічнай зоны «Брэст», яе лагістычныя магчымасці, прэферэнцыйныя ўмовы дзейнасці рэзідэнтаў, рэальныя напрамкі супрацоўніцтва з кітайскімі партнёрамі, перспектыўныя інвестыцыйныя праекты.

24 красавіка Брэсцкім аддзяленнем БелГПП у рамках форуму арганізавана кантактна-кааперацыйная біржа, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі больш як 60 беларускіх і 25 кітайскіх кампаній. Беларускія ўдзельнікі атрымалі магчымасць прапанаваць свой экспартны патэнцыял і прапанаваць кітайскім партнёрам перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва ў розных сферах.

Госці з КНР у рамках форуму таксама азнаёміліся з інфраструктурай Брэста, наведалі прамысловыя прадпрыемствы, установы аховы здароўя, адукацыі, спорту, а таксама аб'екты прыроднай, гісторыка-культурнай спадчыны Брэстчыны.

Фота
Наверх