У рамках святкавання 956-годдзя Мінска ў кангрэс-холе гасцініцы «Вікторыя Алімп» адбыўся Міжнародны форум эканамічнага супрацоўніцтва, арганізаваны Мінскім аддзяленнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 250 прадстаўнікоў бізнесу і дзяржаўных органаў з 21 краіны свету.
Форум адкрылі старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка, віцэ-губернатар Пензенскай вобласці Сяргей Фядотаў, дырэктар Кітайскага цэнтра трансферу тэхналогій дзяржаў – членаў ШАС Чжао Чжун'юань. Прэзентацыю аб інвестыцыйным патэнцыяле Мінска прадставіла Надзея Лазаравіч, першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама; аб эфектыўнай рэалізацыі патэнцыялу малога і сярэдняга бізнесу Расійскай Федэрацыі – віцэ-прэзідэнт ГПП РФ Алена Дыбава. На адкрыцці таксама прэзентаваны магчымасці Мінска ў галіне медыцынскага турызму, паспяхова рэалізаваны інвестыцыйны праект ААЭ у сферы жыллёвага будаўніцтва.
Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў акцэнтаваў увагу на задачы форуму, якой з'яўляецца аказанне поўнага садзейнічання бізнесу для сумеснай работы і руху наперад.
У сваім выступленні генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка адзначыў: «Міжнародны форум эканамічнага супрацоўніцтва – гэта новая бізнес-пляцоўка, якая была ініцыіравана кіраўніцтвам горада ў мінулым годзе ў рамках праграмы святкавання юбілею Мінска. І ўжо летась яна выклікала вельмі вялікую цікавасць. Нам, як арганізатарам, прыемна бачыць, што мерапрыемства набірае абароты, набывае свае асаблівасці і традыцыі. З'яўляюцца новыя магчымасці, пашыраецца геаграфія ўдзельнікаў».
Пасля пленарнай часткі работа форуму была прадоўжана ў дзвюх секцыях: «Імпартазамяшчэнне як імпульс развіцця вытворчасці», мадэратарам якой выступіла дацэнт кафедры дзяржаўнай эканамічнай палітыкі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Святлана Рабава, і «Сямейнае прадпрымальніцтва: міжнародны вопыт і перспектывы развіцця», мадэравала якую віцэ-прэзідэнт ГПП РФ Алена Дыбава.
Спікеры секцыі «Імпартазамяшчэнне як імпульс развіцця вытворчасці» асвятлілі важнейшыя інтэграцыйныя інструменты супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, пытанні імпартазамяшчэння ў лёгкай прамысловасці, машынабудаванні, азнаёмілі з вопытам імпатазамяшчэння на прыкладзе расійскіх прадпрыемстваў.
Спікеры секцыі «Сямейнае прадпрымальніцтва: міжнародны вопыт і перспектывы развіцця» разгледзелі міжнародны вопыт заканадаўчага рэгулявання сямейнага бізнесу, пытанні трансфармацыі інстытута сям'і, сакрэт паспяховасці сямейнага бізнесу на прыкладах канкрэтных прадпрыемстваў Беларусі і Расіі, магчымасці інстытута дзяржаўнай падтрымкі адкрыцця бізнесу ў Беларусі і вопыт падтрымкі бізнесу ў Ніжагародскай вобласці.
У рамках форуму адбылася выстава «Зроблена ў Беларусі». Сваю прадукцыю прадставілі прадпрыемствы лёгкай прамысловасці і харчовай галіны, адбылася дэгустацыя.
Пасля завяршэння мерапрыемства замежныя ўдзельнікі наведалі шэраг прадпрыемстваў Мінска, на якіх азнаёміліся з вытворчым патэнцыялам і магчымасцямі для кааперацыі.