У рамках святкавання 955-годдзя Мінска ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Міжнародны форум эканамічнага супрацоўніцтва, арганізаваны Мінскім аддзяленнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 300 прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і бізнес-колаў Беларусі, 19 краін свету і 12 рэгіёнаў Расіі.
Форум адкрылі старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў, намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Надзея Лазаравіч, генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка, губернатар Мурманскай вобласці Андрэй Чыбіс, віцэ-губернатар Санкт-Пецярбурга Валерый Маскаленка. З прэзентацыяй аб развіцці прамысловага турызму ва ўмовах сучасных выклікаў выступіў намеснік Міністра прамысловасці Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Харытончык, аб турызме і індустрыі гасціннасці – намеснік Міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Алег Андрэйчык.
У сваім выступленні генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка адзначыў: «Кожны эканамічны форум зараз праводзіцца пад прызмай знешніх змен, знешніх выклікаў. Відавочна, што «хэдлайнерамі» сённяшняга форуму выступаюць, на жаль, санкцыі і тыя працэсы, якія яны запусцілі. Абрываюцца лагістычныя, фінансавыя, кааперацыйныя ланцужкі, з'яўляюцца праблемы па падтрымцы выбудаваных схем узаемаадносін. Але, з іншага боку, гэта і штуршок да таго, каб актыўна рэагаваць на гэтыя выклікі».
Ён падкрэсліў, што сёння становіцца відавочнай важнасць прынятых рашэнняў па лакалізацыі вытворчасцей, забеспячэнні іх самадастатковасці. «Бізнес павінен быць максімальна сканцэнтраваны на ўласных магчымасцях. Сёння недастаткова проста купляць або прадаваць - важна выбудоўваць надзейныя кааперацыйныя сувязі, у першую чаргу нацэленыя на імпартазамяшчэнне. Беларуская гандлёва-прамысловая палата прыкладае максімальныя намаганні для садзейнічання бізнесу ў гэтым», – адзначыў Сяргей Набешка.
Пасля пленарнай часткі работа форуму была прцягнута ў рамках двух секцый: «Развіццё прамысловага супрацоўніцтва па прыярытэтных відах эканамічнай дзейнасці» і «Сусветны рынак харчавання і харчовая бяспека». Пасля завяршэння мерапрыемства для замежных гасцей арганізавана наведванне беларускіх прамысловых і харчовых прадпрыемстваў.
Па матэрыялах БелТА