
Нацыянальная экспазіцыя Рэспублікі Беларусь прадстаўлена на 23-й Цэнтральна-азіяцкай міжнароднай выстаўцы «Харчовая прамысловасць» (FoodExpo Qazaqstan), якая адкрылася 3 лістапада ў Алматы.
Арганізатары экспазіцыі: Беларуская гандлёва-прамысловая палата, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам, выставачнае прадпрыемства «Белінтэрэкспа» БелГПП.
Нацыянальную экспазіцыю адкрылі першы намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Ігар Брыло, Віцэ-міністр сельскай гаспадаркі Рэспублікі Казахстан Рустэм Курманаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Казахстане Павел Уцюпін, дырэктар выставачнага прадпрыемства «Белінтэрэкспа» БелГПП Яўген Увядзенскі.
На FoodExpo Qazaqstan сваю прадукцыю дэманструюць вядучыя беларускія прадпрыемствы мясаперапрацоўчай і малочнай галіны: прадпрыемства «Вялес-Міт», Гродзенскі, Глыбоцкі і Магілёўскі мясакамбінаты, «малочныя» кампаніі «Бабушкіна крынка», «Малочны гасцінец», Слуцкі сыраробны камбінат, Полацкі малочны камбінат, Рагачоўскі, Лепельскі, Глыбоцкі малочнакансервавыя камбінаты.
FoodExpo Qazaqstan – адзіная галіновая выстаўка ў Цэнтральнай Азіі, якая аб'ядноўвае пастаўшчыкоў тэхналогій і абсталявання з вытворцамі, дыстрыбутарамі і рытэйлерамі прадуктаў харчавання і напояў. Экспаненты прэзентуюць сваю прадукцыю па ўсіх сегментах харчовай галіны: ад вытворчых ліній і абсталявання да шырокага асартыменту гатовых прадуктаў і напояў – кандытарскіх вырабаў, малочнай і мясной прадукцыі, бакалеі, гарбаты і кавы, а таксама харчовых дабавак і вострых прыпраў. Мерапрыемства праходзіць пры падтрымцы Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Казахстан, Адміністрацыі горада Алматы, галіновых саюзаў і асацыяцый.
У экспазіцыях FoodExpo Qazaqstan прымае ўдзел 421 кампанія з 26 краін: Аўстрыі, Беларусі, Бельгіі, Германіі, Інданезіі, Італіі, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Нідэрландаў, Папуа – Новай Гвінеі, Польшчы, Расіі, Саудаўскай Аравіі, Славеніі, ЗША, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Узбекістана, Украіны, Францыі, Чэхіі, Шры-Ланкі, Паўднёвай Карэі. Нацыянальныя стэнды прадстаўляюць Беларусь, Германія, Інданезія, Нідэрланды, ЗША, Паўднёвая Карэя, а таксама больш за 25 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі.
Выстаўка працягнецца да 5 лістапада.