Рэспубліканскі семінар «Практычныя аспекты пацвярджэння ўласнай вытворчасці і паходжання тавараў», арганізаваны Беларускай гандлёва-прамысловай палатай, адбыўся ў Мінску. Мерапрыемства сабрала больш за 240 удзельнікаў – прадстаўнікоў беларускага бізнесу, органаў дзяржаўнага кіравання.
Пытанні атрымання і выкарыстання сертыфіката ўласнай вытворчасці і сертыфіката паходжання тавараў заўсёды выклікалі ў суб'ектаў гаспадарання шмат пытанняў, нягледзячы на вялікі досвед вядзення знешнеэканамічнай дзейнасці. Часцей за ўсё бізнес цікавяць такія аспекты, як мэты атрымання такіх сертыфікатаў, спіс дакументаў, неабходных для іх афармлення, спосабы і вобласць ужывання. Для таго каб растлумачыць усе гэтыя нюансы, і праводзіўся гэты семінар.
– Сертыфікацыя – адна з самых папулярных паслуг БелГПП, – адзначыў намеснік старшыні БелГПП Дзяніс Мялешкін. – У год мы выдаем больш за 115 тысяч сертыфікатаў паходжання і каля 6,5 тысячы сертыфікатаў уласнай вытворчасці. Сертыфікат паходжання мае дзве асноўныя мэты – экспарт і прэферэнцыі пры дзяржзакупках. Сертыфікат уласнай вытворчасці – тыя ж прэферэнцыі пры дзяржзакупках і магчымасць атрымання падатковых ільгот, якія прадугледжаны заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у асобых эканамічных зонах. На гэтым мерапрыемстве мы не проста падзяліліся тэарэтычнай інфармацыяй, але і разабралі канкрэтныя кейсы прадпрыемстваў па галінах, па асобных відах прадукцыі па выкарыстанні сертыфікатаў.
У якасці спікераў на семінар былі запрошаны прадстаўнікі дзяржорганаў, якія прымаюць такія сертыфікаты: Міністэрства па падатках і зборах – па пытаннях прадастаўлення падатковых ільгот, Дзяржаўнага мытнага камітэта – па пытаннях экспарту, спрашчэння мытнага кантролю, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю – па нюансах дзяржзакупак.
Асобным блокам абмяркоўваліся перспектывы сертыфікацыі. У першую чаргу, гэта цыфравізацыя выдачы сертыфікатаў і ўласнай вытворчасці, і пацверджання тавараў. Пасля прыняцця ў студзені бягучага года пастановы ўрада Рэспублікі Беларусь сертыфікаты ўжо сёння выдаюцца з электронным лічбавым подпісам.
БелГПП ідзе далей і аўтаматызуе гэты працэс, каб беларускім прадпрыемствам было прасцей атрымаць сертыфікаты ў электронным выглядзе. З 1 верасня бягучага года плануецца перайсці на поўную цыфравізацыю і аўтаматызацыю выдачы сертыфікатаў уласнай вытворчасцей. З сертыфікатам паходжання, паводле слоў Дзяніса Мялешкіна, пакуль ёсць нюансы, паколькі гэта завязана ў тым ліку і магчымасцях шэрагу краін.
Трэці блок семінара – адказнасць пры выкарыстанні сертыфікатаў. Тэма вельмі важная, таму што сертыфікат дае магчымасць атрымання падатковых ільгот, вызвалення ад шэрагу мытных пошлін. У сувязі з гэтым трэба акуратна ставіцца да таго, як прымяняць гэты від дакумента.
– Мы папярэджваем прадпрыемствы, што пры выкарыстанні сертыфіката ўся адказнасць ляжыць на іх. Суб'екты гаспадарання павінны кантраляваць, каб тыя крытэрыі, якія ўлічваліся для выдачы сертыфіката, якія праверылі эксперты БелГПП, выконваліся на працягу ўсяго дзеяння дакумента, – адзначыў Дзяніс Мялешкін.
Намеснік начальніка ўпраўлення прыцягнення і абслугоўвання інвестараў з краін Еўропы і Амерыкі СЗАТ «Кампанія па развіццю індустрыяльнага парку» Арцём Шкрыль прывёў прыклад важнасці разбору такой тэмы.У Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» пацвярджэнне ўласнай вытворчасці з'яўляецца адной з ключавых умоў для рэзідэнтаў, каб атрымаць ільготу па падатку на прыбытак.
– Гэта вельмі істотная льгота з пункту гледжання вядзення бізнесу. Калі казаць больш шырока, то атрыманне сертыфіката ўласнай вытворчасці арыентуе прадпрыемства на павелічэнне лакалізацыі сваёй дзейнасці ў Беларусі. Калі б гэтага патрабавання не было, мы б мелі справу ў асноўным з адвёрткавай зборкай і больш нічога. Прадпрыемствы ж вымушаны развіваць сваю вытворчасць, свае напрацоўкі і распрацоўкі, каб забяспечваць патрабаванні, якія ўстанавіла заканадаўства для атрымання льгот, – расказаў ён.
Электронная сертыфікацыя дазваляе спрасціць мноства працэдур. Яна больш зручная для прадпрыемстваў, бо дае магчымасць мінімізаваць час на атрыманне, спрасціць падачу дакументаў. Правядзенне такіх семінараў вельмі карысна, таму што ў бізнесу вельмі шмат пытанняў па атрыманні сертыфікатаў уласнай вытворчасці. Кожны бачыць сваю вытворчасць па-рознаму: эксперты – па-свойму, бізнес – па-свойму. І гэтыя семінары дазваляюць даць адказы на мноства пытанняў і арыентаваць бізнес у правільным кірунку, – лічыць удзельнік мерапрыемства.