Сумеснае мерапрыемства гандлёва-прамысловых палат Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, прымеркаванае да XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, адбылося ў Віцебску. Удзельнікі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў, аб'яднаных агульнай тэмай «Раскрыццё патэнцыялу інавацыйнага супрацоўніцтва Расіі і Беларусі – вектар тэхналагічнага развіцця і росту».
Мерапрыемства, якое адбылося на базе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, сабрала больш за 80 удзельнікаў – прадстаўнікоў гандлёва-прамысловых палат і бізнесу Беларусі і 12 рэгіёнаў Расіі. Удзел у мерапрыемстве прынялі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Валянцін Байко, намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі па эканамічнай палітыцы Канстанцін Далгоў, сустаршыні Сумеснага Беларуска-Расійскага дзелавога савета – Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у Маскве Аляксандр Ястрыг і першы намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Надзея Лазарэвіч.
Мадэратарамі мерапрыемства выступілі старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў і віцэ-прэзідэнт Гандлёва-прамысловай палаты Расійскай Федэрацыі Уладзімір Падалка.
Як адзначыў старшыня БелГПП у гутарцы з прадстаўнікамі СМІ перад пачаткам мерапрыемства, правядзенне міжпалатаўскай бізнес-сустрэчы стала добрай традыцыяй Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі. «Гэта доўгачаканае для абодвух бакоў дзелавое мерапрыемства, да якога і мы, і нашыя расейскія госці і партнёры рыхтаваліся загадзя. Таму і парадак дня сёння вельмі цікавы і насычаны, – анансаваў Міхаіл Мятлікаў. – Пул спікераў сабраўся ўнікальны – амаль усе выступленні будуць аб інавацыйным патэнцыяле, аб ужо будучых сумесных інавацыйных праектах, у тым ліку і для імпартазамяшчэння, а перамовы, на якія сёння прыехалі эксперты, бізнес-лідэры, упэўнены, стануць унікальнай магчымасцю ўсталяваць новыя дзелавыя кантакты».
Аб актуальнасці парадку дня расказаў і віцэ-прэзідэнт ГПП РФ Уладзімір Падалка: «Мы пераходзім на дастаткова складаную форму ўзаемадзеяння на ўзроўні прадпрымальніцкай супольнасці дзвюх краін – прамысловую кааперацыю і пытанні інавацыі. Вось гэтыя пытанні і будуць абмяркоўвацца».
Ён таксама падкрэсліў, што ў складзе расійскай дэлегацыі ўсе прамыслоўцы і прадпрымальнікі, накіраваныя на прадметнае абмеркаванне канкрэтных пытанняў узаемадзеяння з беларускімі партнёрамі, у тым ліку ў галіне інавацый.
Мерапрыемства стала пляцоўкай для абмеркавання актуальных пытанняў узаемадзеяння бізнесу дзвюх дзяржаў і абмена вопытам. Спікерамі асноўнай часткі выступілі кіраўнікі рэгіянальных гандлёва-прамысловых палат Беларусі і Расіі (Цюменскай, Тульскай абласцей, Рэспублікі Тува, Масквы і Маскоўскай вобласці), а таксама кіраўнікі бізнес-саюзаў, прадпрыемстваў і фондаў, якія прадставілі сваё бачанне перспектыўных напрамкаў развіцця беларуска-расійскага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння.
Падрабязна прэзентаваны вопыт і перспектывы супрацоўніцтва інфраструктурных элементаў падтрымкі інавацыйнага прадпрымальніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы, перспектыўныя напрамкі партнёрства беларускіх і расійскіх прадпрымальнікаў у інавацыйнай сферы для цыфравізацыі гарадскога асяроддзя, механізмы эфектыўных плацяжоў без залежнасці ад міжнародных сістэм, магчымыя пункты ўзаемадзеяння Беларусі і Кузбаса, патэнцыял кааперацыі малога і сярэдняга бізнесу, вытворчых прадпрыемстваў дзвюх краін, інавацыйныя падыходы і інструменты, якія прымяняюцца рэгіянальнымі ГПП Расіі, пытанні лагістыкі, у прыватнасці магчымасці мадэрнізаванага транспартна-лагістычнага калідора Рэспублікі Тува для развіцця інавацыйных расійска-беларускіх праектаў і выхаду на рынкі трэціх краін.
Пасля выступленняў спікераў падпісаны пяць дакументаў, накіраваныя на ўмацаванне і напаўненне на сярэднетэрміновую перспектыву планаў на рэгіянальнае міжпалатаўскае ўзаемадзеянне. У прыватнасці, Гродзенскае аддзяленне БелГПП падпісала пагадненні аб супрацоўніцтве з Гандлёва-прамысловай палатай Рэспублікі Тыва і Пензенскай абласной гандлёва-прамысловай палатай, Віцебскае аддзяленне БелГПП замацавала партнёрскія сувязі з Кузбаскай гандлёва-прамысловай палатай і ТАА «Карпарацыя інвестыцыйнага развіцця Смаленскай вобласці», Гомельскае аддзяленне БелГПП – з ГПП Валгаградскай вобласці.
Ва ўрачыстай абстаноўцы мерапрыемства старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў уручыў пасведчанне аб уключэнні прадпрыемства ў Рэестр добрасумленных партнёраў дырэктару ТАА «МЕТАЛОПТСБЫТ» – члена Савета БелГПП, а віцэ-прэзідэнт ГПП РФ Уладзімір Падалка перадаў дыпломы Савета кіраўнікоў палат дзяржаў – удзельніц СНД за актыўны ўдзел у развіцці кангрэсна-выставачнай дзейнасці прадстаўнікам ААТ «Нафтан» і ААТ «Магілёўліфтмаш».
Працягнулася мерапрыемства перамовамі ў фармаце бізнэс-нетворкінгу.
/Выкарыстаны фотаматэрыялы ВДУ імя П.М. Машэрава/