Старшыня БелГПП М.Мятлікаў прыняў удзел у пасяджэнні рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенні выстаўкі «ІНАПРАМ 2023»
11 мая 2023 г

Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў прыняў удзел у пасяджэнні рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенні міжнароднай прамысловай выстаўкі « ІНАПРАМ 2023». Пасяджэнне адбылося ва Урадзе Рэспублікі Беларусь.

Прадстаўнікі Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Міністэрства прамысловасці як арганізатары экспазіцыі выступілі перад Прэм'ер-міністрам Раманам Галоўчанкам з дакладамі і ўнеслі некаторыя прапановы па правядзенні мерапрыемства.

На пасяджэнні асаблівую ўвагу ўдзялілі вырашэнню арганізацыйных пытанняў падрыхтоўкі нацыянальнай экспазіцыі і спадарожных мерапрыемстваў, а таксама былі вызначаны навінкі беларускай прамысловасці, якія будуць прадстаўлены на выстаўцы.

Міхаіл Мятлікаў адзначыў, што на выставе «ІНАПРАМ» у Екацярынбурзе Беларусь прадставіць практычна ўсе сектары эканомікі. «Як краіна-партнёр Беларусь забудоўвае вялікую плошчу – больш за 3 тыс. кв.м, дзе будуць прадстаўлены практычна ўсе сектары эканомікі краіны, у першую чаргу прамысловы, станкабудаванне і іншыя», – расказаў старшыня БелГПП.

Выстава пройдзе ў Екацярынбурзе ў ліпені. «На выставу прыязджае шмат дэлегацый і дзелавая праграма мерапрыемства шырокая. Па інфармацыі расейскага боку, чакаюцца госці з 50 краін. Гэта вельмі маштабнае мерапрыемства, – падкрэсліў Міхаіл Мятлікаў. – З беларускага боку на ўдзел у экспазіцыі заявіліся флагманы беларускай прамысловасці, буйныя прадпрыемствы, малы бізнэс, прыватны сектар і іншыя».

Асноўная тэма сёлета – інавацыйнасць і кааперацыйнае ўзаемадзеянне, якое будзе рэалізавана ў будучыні. «Будзе праходзіць шэраг форумаў, семінары, прэзентацыі. Што да кантрактаў, то яны заўсёды маюць адтэрмінаваны перыяд. Гэтая выстава дасць вынікі ў перспектыве», – сказаў на заканчэнне Міхаіл Мятлікаў.

Фота
Наверх