Беларускай гандлёва-прамысловай палатай арганізавана сустрэча кіраўнікоў беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў з прадстаўнікамі экспартна арыентаваных прадпрыемстваў і арганізацый. У мерапрыемстве прынялі ўдзел 48 кіраўнікоў загранустаноў Беларусі, а таксама прадстаўнікі каля 150 кампаній і арганізацый з усіх рэгіёнаў краіны.
B2D-сустрэчу адкрыў бізнес-брыфінг па пытаннях супрацоўніцтва БелГПП з замежнымі ўстановамі, падчас якога выступілі старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў, намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Ігар Назарук. Яны адзначылі значнасць сумеснай работы Палаты і беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў пры правядзенні мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё міжнародных кантактаў бізнесу і прасоўванне беларускага экспарту, абазначылі асноўныя напрамкі ўзаемадзеяння па падтрымцы знешнеэканамічнай дзейнасці айчынных прадпрыемстваў.
Ігар Назарук падкрэсліў, што ў няпростых умовах Беларусь імкнецца падтрымліваць добрыя ўзаемаадносіны з усімі краінамі. Асаблівы акцэнт – на краіны ЕАЭС, Кітай. Прапрацоўваецца нарматыўна-прававая база двухбаковага супрацоўніцтва з Сербіяй, Іранам, В'етнамам, Сінгапурам, Егіптам, Іранам, Інданезіяй і іншымі дзяржавамі. «Палітычная карта свету шырокая, і трэба развіваць новыя партнёрскія сувязі. Транспарт і лагістыка заўсёды будуць садзейнічаць бізнесу», – адзначыў намеснік Міністра замежных спраў.
Звяртаючыся да кіраўнікоў пасольстваў, старшыня БелГПП адзначыў важнасць прыцягнення прадстаўнікоў Палаты за мяжой для садзейнічання экспарту. Таксама Міхаіл Мятлікаў падкрэсліў актуальнасць для беларускага бізнесу і дыппрадстаўніцтваў тэмы форс-мажору ў сучасных умовах, зрабіў акцэнт на эфектыўнасці такога інструмента прасоўвання экспартна арыентаванай прадукцыі, як выстаўкі за мяжой.
Пасля завяршэння брыфінгу адбыліся двухбаковыя B2D-сустрэчы кіраўнікоў дыпламатычных місій Рэспублікі Беларусь з кіраўнікамі прадпрыемстваў. У ходзе перагавораў абмеркаваны перспектывы ўзаемадзеяння па прасоўванні тавараў і паслуг, праблемныя пытанні збыту прадукцыі ў краінах знаходжання кіраўнікоў беларускіх дыпмісій.
Пасля перагавораў з прадстаўнікамі дзелавых колаў дыпламаты па запрашэнні БелГПП наведалі ТАА «Мінскі гарадскі тэхнапарк».