Удзел беларускай дэлегацыі ў мерапрыемствах Міжнароднага тыдня бізнесу ва Уфе
22 лістапада 2023 г

У рабоце Міжнароднага тыдня бізнесу, што праходзіць ва Уфе (Рэспубліка Башкартастан, Расійская Федэрацыя), прымае ўдзел беларуская дэлегацыя, у склад якой увайшлі кіраўнікі дзяржаўных органаў, буйных прамысловых прадпрыемстваў, арганізацый, бізнес-аб'яднанняў. Беларускую гандлёва-прамысловую палату прадстаўляе генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка.

Міжнародны тыдзень бізнесу – гэта штогадовая эканамічная падзея, якая аб'ядноўвае прадстаўнікоў улады, бізнес-супольнасцей і экспертаў з розных сфер, а таксама прафесійная пляцоўка для абмеркавання і развіцця дыялогу паміж дзяржавай і бізнесам. Форум будзе праходзіць з 22 лістапада па 1 снежня на пляцоўцы Кангрэс-хола «Таратаў» ва Уфе. У мерапрыемствах прыме ўдзел каля чатырох тысяч чалавек. Сярод іх прадстаўнікі федэральных і рэгіянальных органаў улады, інстытутаў развіцця і бізнес-аб'яднанняў, члены дэлегацый з 21 краіны і 89 рэгіёнаў Расіі.

У рамках форума працуе зона для дзелавых перагавораў B2B, дзе госці і ўдзельнікі могуць падзяліцца вопытам і пашырыць свае дзелавыя кантакты.

XVI Міжнародны тыдзень бізнесу адкрыў Прэм'ер-міністр Урада Рэспублікі Башкартастан Андрэй Назараў.

У першы дзень работы Міжнароднага тыдня бізнесу ўдзельнікі абмяркоўвалі меры дзяржаўнай падтрымкі прадпрымальнікаў, лічбавую будучыню будаўніцтва, законы поспеху электроннага гандлю, абарону бізнесу ў новай міжнароднай рэальнасці.

23 лістапада генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка выступіў на сесіі «Паслязаўтра Саюзнай Дзяржавы. Трэнды і патэнцыял развіцця» з дакладам аб развіцці міжрэгіянальнага супрацоўніцтва гандлёва-прамысловых палат.

У сваім выступленні Сяргей Набешка падкрэсліў важную ролю ГПП як пляцовак для абмену ідэямі, пашырэння ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Ён адзначыў, што паміж рэгіянальнымі палатамі Беларусі і Расіі ажыццяўляецца пастаяннае ўзаемадзеянне, на рэгулярнай аснове праводзяцца сумесныя дзелавыя мерапрыемствы, абмен візітамі, дзелавыя колы наведваюць выставы і кірмашы, паспяхова ўдзельнічаюць у іх. Усё гэта садзейнічае ўстанаўленню дзелавых кантактаў бізнесу і рэалізацыі праектаў партнёрства.

Ад імя БелГПП генеральны дырэктар Мінскага аддзялення запрасіў кіраўніцтва ГПП Рэспублікі Башкартастан і дзелавыя колы расійскіх рэгіёнаў прыняць удзел у мерапрыемствах у рамках Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе ў чэрвені наступнага года ў Віцебску. У сваю чаргу, БелГПП і беларускія дзелавыя колы атрымалі запрашэнне на мерапрыемствы, прысвечаныя 450-гадоваму юбілею Уфы.


Фота
Відэа