
Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч уручыў узнагароды пяці прадпрыемствам Брэсцкай вобласці – лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу «Лепшы экспарцёр 2020 года»:
ААТ «Бярозабудматэрыялы» – пераможца ў намінацыі «Будаўніцтва і вытворчасць будаўнічых матэрыялаў»;
СП «Санта Брэмар» ТАА – заахвочвальны дыплом у намінацыі «Харчовая прамысловасць»;
ААТ «Савушкін прадукт» – заахвочвальны дыплом у намінацыі «Малочная прамысловасць»;
ААТ «Пінскі мясакамбінат» – заахвочвальны дыплом у намінацыі «Мясная прамысловасць»;
ЗТАА «Фрыза Індастры» – заахвочвальны дыплом у намінацыі «Арганізацыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў сферы вытворчасці тавараў».
Старшыня БелГПП павіншаваў кіраўнікоў прадпрыемстваў-лаўрэатаў, падзякаваў ім за работу па пашырэнні брэнда Made in Belarus. Ён адзначыў, што брэсцкія кампаніі, асабліва ў харчовай прамысловасці, сёння ведаюць і любяць ва ўсім свеце. Пяць прадпрыемстваў-лаўрэатаў па выніках мінулага года ўнеслі значны ўклад у экспартную скарбонку вобласці і краіны.
«Конкурс «Лепшы экспарцёр года» – гэта аб'ектыўная ацэнка дасягненняў кампаній, якія фарміруюць імідж Беларусі за мяжой, ствараюць аснову для стабільнага і ўстойлівага развіцця краіны, павышэння дабрабыту грамадзян. Нягледзячы на ўсе складанасці, нашы кампаніі штодзень даказваюць, што «Зроблена ў Беларусі» – гэта знак якасці прадукцыі, дзякуючы чаму нават у няпростых умовах мы маем дадатнае гандлёвае сальда (па Брэсцкай вобласці – 875 млн долараў). І прызнанне заслуг тых, хто робіць такі значны ўклад, сёння як ніколі важна», – адзначыў Уладзімір Улаховіч.
Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, які прыняў удзел у цырымоніі ўшаноўвання пераможцаў і дыпламантаў конкурсу, падкрэсліў, што ў мінулым, няпростым ва ўсіх адносінах годзе, брэсцкія прадпрыемствы не спыніліся, перафармаціравалі работу з замежнымі партнёрамі, што дало магчымасць ім забяспечыць дадатную дынаміку экспартных паставак, якая прадаўжаецца і ў бягучым годзе. «Конкурс – гэта не толькі прызнанне заслуг кампаній, але і магчымасць ацаніць экспартныя дасягненні кожнай вобласці. Традыцыйна Брэстчына займае лідзіруючыя пазіцыі ў галіне харчавання, на наш рэгіён прыпадае чвэрць экспарту прадуктаў харчавання ўсёй краіны. Але ў той жа час у нас ёсць паспяховыя прадпрыемствы, напрацоўкі і па іншых напрамках, і мы прадоўжым іх развіваць, каб у далейшым у ліку лаўрэатаў конкурсу было больш брэсцкіх кампаній, а аб'ёмы экспарту павялічваліся яшчэ хутчэй», – адзначыў Дзмітрый Гарадзецкі.