
Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч узнагародзіў прадпрыемствы Магілёўскай вобласці, якія сталі лаўрэатамі рэспубліканскага конкурсу «Лепшы экспарцёр 2020 года».
У гэтым годзе з-за эпідэміялагічнай сітуацыі ўзнагароджванне пераможцаў і дыпламантаў конкурсу праходзіць у кожным з рэгіёнаў краіны паасобку. Магілёўская вобласць прыняла цырымонію першай.
Уручэнне ўзнагарод кіраўнікам прадпрыемстваў-лаўрэатаў адбылося ў ходзе пленарнага пасяджэння XII міжнароднага інвестыцыйнага форуму «Млын поспеху» з удзелам Міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Чарвякова, cтаршыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандра Шуміліна, старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца, губернатара Сагдыйскай вобласці Рэспублікі Таджыкістан Раджабоя Ахмадзоды, дырэктара Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Дзмітрыя Красоўскага, прадстаўнікоў бізнесу Беларусі і замежных дзяржаў.
Лаўрэатамі конкурсу сталі пяць прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці:
ЗТАА «Кронаспан ОСБ» – пераможца ў намінацыі «Дрэваапрацоўчая і мэблевая вытворчасць»;
СТАА «ЦСП БЗС» – пераможца ў намінацыі «Арганізацыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў сферы вытворчасці тавараў»;
РУП «Папяровая фабрыка «Спартак» – заахвочвальны дыплом у намінацыі «Цэлюлозна-папяровая прамысловасць»;
ЗАТ «Легпрамразвіццё» – заахвочвальны дыплом у намінацыі «Лёгкая прамысловасць»;
ЗП «Парфумерна-касметычная фабрыка «Сонца» – заахвочвальны дыплом у намінацыі «Арганізацыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў сферы вытворчасці тавараў».
«Званне «Лепшы экспарцёр года» – гэта аб'ектыўная ацэнка дасягненняў прадпрыемстваў вобласці, якія па выніках мінулага няпростага для сусветнай эканомікі года чарговы раз даказалі, што беларуская прадукцыя запатрабавана на сусветным рынку, – адзначыў старшыня БелГПП. – Традыцыйна мы ўзнагароджвалі лаўрэатаў у Палацы Рэспублікі. Але з улікам цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыі правядзенне цырымоніі ў такім фармаце стала немагчымым. У той жа час ушаноўванне працоўных калектываў, якія ўнеслі значны ўклад ва ўмацаванне эканамічнай устойлівасці і дабрабыту краіны, і прыцягненне шырокай увагі да поспехаў айчынных вытворцаў надзвычай важна. Таму цырымоніі ўзнагароджвання пройдуць у кожнай вобласці краіны».