
Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў правёў сустрэчу з Прэзідэнтам Федэрацыі гандлёва-прамысловых палат М'янмы Эй Вінам. Яго візіт у Мінск адбыўся для ўдзелу ў мерапрыемствах Еўразійскага эканамічнага форума ў складзе дэлегацыі прэм'ер-міністра М'янмы. Гэта падзея, паводле слоў Міхаіла Мятлікава, з'яўляецца значнай як для міжпалатаўскага ўзаемадзеяння, так і для двухбаковых гандлёвых адносін.
– Лічу, важна і далей падтрымліваць прамы дыялог паміж нашымі палатамі і ствараць умовы для абмену дзелавымі прапановамі. За мінулы год тавараабарот паміж Беларуссю і М'янмай вырас больш як у два разы. Гэта добры вынік, у які, несумненна, унеслі ўклад і нашы гандлёва-прамысловыя палаты. Мы бачым вялікі патэнцыял для сумесных праектаў у прамысловасці, аграіндустрыі, адукацыі, а таксама ў навукова-тэхнічным супрацоўніцтве і гуманітарных абменах, – адзначыў Міхаіл Мятлікаў.
У бягучым годзе кантакты паміж БелГПП і ФГПП М'янмы паспяхова развіваюцца. У сакавіку 2025 года прайшоў Беларуска-м'янманскі бізнес-форум з удзелам прэм'ер-міністра М'янмы, а да гэтага ў студзені адбыўся візіт Міністра замежных спраў Беларусі ў М'янму, у рамках якога таксама быў арганізаваны двухбаковы бізнес-форум.
Абодва мерапрыемствы паказалі сур'ёзную цікавасць бізнесу да пашырэння супрацоўніцтва, далі магчымасць прэзентаваць эканамічны патэнцыял дзвюх краін і намеціць пункты росту для двухбаковага гандлю.