Нацыянальная экспазіцыя Рэспублікі Беларусь на выставе Arabian Travel Market у Дубаі
16 мая 2021 г

Нацыянальная экспазіцыя Рэспублікі Беларусь прадстаўлена на турыстычнай выставе Arabian Travel Market, якая стартавала ў Дубаі 16 мая.

Арганізатарам нацыянальнай экспазіцыі выступае Беларуская гандлёва-прамысловая палата пры падтрымцы Нацыянальнага агенцтва па турызме, Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Пасольства Беларусі ў ААЭ і Генеральнага консульства ў Дубаі. Выставачны аператар – выставачнае ўнітарнае прадпрыемства “Белінтэрэкспа” БелГПП.

У межах беларускай экспазіцыі прадстаўлены нацыянальная авіякампанія “Белавія”, а таксама турыстычныя агенцтвы і гатэлі пад эгідай Нацыянальнага агенцтва па турызме.

Генеральны партнёр нацыянальнай экспазіцыі – “Белавія”. На Arabian Travel Market авіякампанія прадстаўляе новыя рэйсы з прамым пералётам Мінск – Дубай – Мінск. З гэтага года грамадзяне Беларусі могуць уязджаць, выязджаць і накіроўвацца транзітам праз тэрыторыю Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, а таксама знаходзіцца на тэрыторыі ААЭ без віз да 90 дзён з даты прылёту. Такія ж умовы дзейнічаюць і для грамадзян ААЭ на тэрыторыі Беларусі.   

Нацыянальнае агенцтва па турызме прадстаўляе турыстычныя фірмы “Прайм тур”, “Вакол свету” і гатэлі Renaissance Minsk гасцінічнай сеткі Marriott у Беларусі. У межах нацыянальнай экспазіцыі наведвальнікаў знаёмяць з напрамкамі развіцця турыстычнага бізнесу, гісторыка-культурнай спадчынай і разнастайнасцю прыродных рэсурсаў краіны.

У павільёне “Беларусь” прадпрыемства “Белінтэрэкспа” БелГПП прадстаўляе прапановы па MICE-мерапрыемствах, прамысловым турызме, а таксама запрашае кампаніі да ўдзелу ў выставачных мерапрыемствах у Беларусі.

17 мая беларускую экспазіцыю наведаў Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Дубаі Яўген Лазараў, які падзяліўся перспектывамі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і ААЭ ў галіне турызму.

Сёлета Arabian Travel Market стала першай турыстычнай выставай, якая адбылася ў звыклым афлайн-фармаце з пачатку пандэміі. Выстава сабрала больш за 900 экспанентаў з 60 краін, а таксама каля 40 тысяч спецыялістаў сферы турызму з усяго свету.

Відэа