Беларуска-М'янманскі бізнес-форум, арганізатарам якога выступіла Беларуская гандлёва-прамысловая палата, адбыўся ў г. Янгоне Рэспублікі Саюз М'янма.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 40 прадстаўнікоў беларускіх дзяржорганаў і бізнесу і больш за 60 м'янманскіх кампаній. Сумарна ад дзвюх краін прадстаўлены 44 прадпрыемствы.
Бізнес-форум пачаўся з Пленарнай сесіі, у якой прынялі ўдзел Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, Міністр інвестыцый і знешнеэканамічных адносін Рэспублікі Саюз М'янма Ва Ва Маўн.
Дзелавая праграма складалася з прэзентацый беларускіх і м'янманскіх прадпрыемстваў. Таксама ўдзельнікі абмеркавалі інструменты фінансавання беларускіх паставак за мяжу, механізм біржавога гандлю ў Рэспубліцы Беларусь, пытанні тэхнічнага абслугоўвання авіяцыйнай тэхнікі і яе кампанентаў, магчымасці паставак у М'янму тканін спецыяльнага прызначэння і беларускай малочнай прадукцыі.
Падпісана 16 двухбаковых дакументаў камерцыйнага характару і пагадненняў на суму 9 млн долараў ЗША. Падпісаныя дакументы датычацца пастаўкі ў М'янму беларускіх трактароў, цягачоў, аўтамабіляў хуткай дапамогі, лекаў, а таксама зборкі тэхнікі ў М'янме. Заключаны мемарандумы аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве паміж лагістычнымі кампаніямі, банкамі і вытворчымі прадпрыемствамі Беларусі і М'янмы.
Падпісана Пагадненне паміж Гомельскім аддзяленнем БелГПП і Гандлёва-прамысловай палатай рэгіёну Мандалай. У цырымоніі падпісання прынялі ўдзел намеснік старшыні БелГПП Алена Маліноўская і старшыня Гандлёва-прамысловай палаты рэгіёну Мандалай У Цін Лат.
– Гэта ўжо трэці па ліку двухбаковы бізнес-форум, які мы праводзім у 2025 годзе. Мы пачалі гэты год разам у Янгоне 10 студзеня, пасля сустрэліся ў Мінску 6 сакавіка, і цяпер мы зноў у Янгоне, каб завяршыць гэты насычаны і плённы год, – падкрэсліла намеснік старшыні БелГПП Алена Маліноўская. – Прыемна адзначыць неаслабную цікавасць кампаній з абодвух бакоў. Упэўнена, пагадненні, якія падпісаны ў ходзе форуму, будуць садзейнічаць далейшаму росту тавараабароту паміж Беларуссю і М'янмай.
У ходзе цяперашняга бізнес-форуму прадстаўнікі м'яманскага бізнесу актыўна цікавіліся пастаўкамі з Беларусі медыцынскай тэхнікі і прадуктаў харчавання, пытаннямі лагістыкі, авіяцыі. Таксама гатовы да супрацоўніцтва ў тэкстыльнай прамысловасці. Для больш прадметнага вывучэння пытання прадстаўнікі м'янманскіх кампаній плануюць у бліжэйшы час наведаць беларускія прадпрыемствы па вытворчасці тканін.