Закупка сельскагаспадарчай тэхнікі, пастаўка малочнай прадукцыі, супрацоўніцтва ў медыцынскай сферы – тры прыярытэты для Кубы ў супрацоўніцтве з Беларуссю. Аб гэтым паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь Сант'яга Перэс Бенітэс на сустрэчы з беларускімі дзелавымі коламі, якая адбылася ў Беларускай гандлёва-прамысловай палаце.
Намеснік старшыні БелГПП Алена Маліноўская, адкрываючы мерапрыемства, адзначыла, што адносіны паміж Беларуссю і Кубай маюць традыцыйна дружалюбны характар. Куба з'яўляецца значным партнёрам Беларусі на міжнароднай арэне і адным з найважнейшых саюзнікаў у Заходнім паўшар'і.
Правядзенне гэтай сустрэчы дало магчымасць прадпрыемствам-экспарцёрам атрымаць карысную інфармацыю аб інвестыцыйным патэнцыяле кубінскіх рынкаў, а таксама аб магчымасцях экспарту беларускай прадукцыі ў гэту краіну. Прадстаўнікі бізнесу цікавіліся ўмовамі пастаўкі на заходні кантынент абсталявання для гандлёвых сетак – стэлажоў, касавых боксаў, халадзільнікаў, магчымасцю ўдзелу беларускіх кампаній у мадэрнізацыі энергетычнай галіны Кубы.
Таксама бакамі былі разгледжаны пытанні развіцця супрацоўніцтва ў турыстычнай сферы. У мінулым годзе Кубу з турыстычнымі мэтамі наведала каля 8 тыс. беларусаў. Па словах Сант'яга Перэса Бенітэса, гэта мала, таму неабходна разгледзець розныя падыходы да таго, каб гэты паказчык палепшыць.