
У Мінску адбыўся Беларуска-В’етнамскі бізнес-форум, арганізаваны Мінскім аддзяленнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і В’етнамскім агенцтвам садзеяння гандлю. Мерапрыемства стала практычным укладам у развіццё стратэгічнага партнёрства паміж дзвюма краінамі і сабрала прадстаўнікоў больш як 100 кампаній: каля 80 з беларускага боку і 22 – з в’етнамскага.
Ключавой падзеяй форуму стала падпісанне Мемарандума аб узаемаразуменні паміж Мінскім аддзяленнем БелГПП і В’етнамскім агенцтвам садзеяння гандлю, што залажыла аснову для паглыблення дзелавых кантактаў.
Форум адкрыла намеснік генеральнага дырэктара па знешнеэканамічных сувязях Мінскага аддзялення БелГПП Ірына Іванова. Яна адзначыла заўважны інтарэс беларускага бізнесу да рынку В’етнама і падкрэсліла, што галоўная задача мерапрыемства – вызначыць канкрэтныя шляхі рэалізацыі сумесных праектаў.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся:
· Спадар Нгуен Ван Чунг, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам у Рэспубліцы Беларусь, які акцэнтаваў увагу на вялікім нераскрытым патэнцыяле эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі.
· Спадар Хаанг Мінь Чын, Намеснік генеральнага дырэктара В’етнамскага агенцтва садзеяння гандлю.
У рамках дзелавой праграмы з дакладамі выступілі:
· Елізавета Астроўская, спецыяліст па інвестыцыях Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, расказала в’етнамскім калегам пра інвестыцыйны патэнцыял Беларусі, магчымасці, умовы і асаблівасці выхаду на беларускі рынак.
· Спадар Чынь Суан Хіеу, гандлёвы прадстаўнік Пасольства В’етнама ў Беларусі, азнаёміў з актуальным станам і перспектывамі гандлёвага супрацоўніцтва паміж краінамі.
· Ігар Бабко, дырэктар ТАА «Усходняя кампанія», падзяліўся з аўдыторыяй паспяховым практычным вопытам імпарту тавараў з В’етнама і вядзення бізнесу.
У склад в’етнамскай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі кампаній, зацікаўленых у пастаўках у Беларусь шырокага спектра тавараў: сельгаспрадукцыі, прадуктаў харчавання, прамысловага абсталявання, кабельнай прадукцыі, аўтазапчастак, фармацэўтыкі, мэблі, вырабаў з дрэва, а таксама спажывецкіх тавараў і тэлекамунікацыйных паслуг.
Пасля пленарнай часткі паміж прадпрымальнікамі адбыліся двухбаковыя перагаворы, якія прайшлі ў прадуктыўнай дзелавой атмасферы і дазволілі наладзіць перспектыўныя кантакты.