У перыяд з 14 па 20 кастрычніка 2024 года Мінскім аддзяленнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты быў арганізаваны візіт беларускіх кампаній у Кітайскую Народную Рэспубліку, г. Далянь.
У рамках візіту адбыліся наступныя мерапрыемствы: сустрэча з кіраўніком Кітайскага камітэта садзеяння міжнароднаму гандлю Даляня, на якой арганізаваны бізнес-форум і В2В перагаворы для прадстаўнікоў беларускіх і кітайскіх страхавых арганізацый; сустрэча ва Урадзе Даляня; наведванне кітайскіх кампаній у адпаведнасці з профілем беларускай дэлегацыі.
У склад дэлегацыі ўвайшлі прадпрыемствы як прыватнага, так і дзяржаўнага сектара страхавой сферы Рэспублікі Беларусь.
Адкрываючы бізнес-форум, кіраўнік беларускай дэлегацыі намеснік генеральнага дырэктара па знешнеэканамічных сувязях Мінскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Ірына Іванова адзначыла цеснае супрацоўніцтва паміж прадпрыемствамі Беларусі і Кітая, яго імклівае развіццё, звярнула ўвагу на тое, што Кітай з’яўляецца другім надзейным гандлёвым партнёрам пасля Расіі. Таваразварот за 2023 год з Паднябеснай склаў амаль 7,5 млрд дол. ЗША, павялічыўшыся за апошнія 5 гадоў у 2 разы. Ірына Іванова ў сваім выступленні падкрэсліла важнасць адкрыцця сумесных прадпрыемстваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, адзначыла работу Беларуска-Кітайскага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» і прэферэнцыі, якія атрымліваюць яго рэзідэнты. Таксама праінфармавала аб доўгатэрміновай кааперацыі Мінскага аддзялення БелГПП і ККСМГ г. Даляня, якія афіцыйна замацавалі дзелавыя адносіны, падпісаўшы Пагадненне аб супрацоўніцтве ў 2012 годзе.
У сваім выступленні генеральны дырэктар Беларускай асацыяцыі страхаўшчыкоў Ірына Мерзлякова адзначыла важнасць наладжвання партнёрскіх адносін у страхавой сферы, таму што ўсе напрамкі, якія папулярныя як для беларусаў, так і кітайцаў патрабуюць страхавання: адпачынак, грузаперавозкі, перастрахоўванне праектаў і шматлікае іншае. А таксама прапанавала кіраўнікам кітайскіх страхавых кампаній стаць партнёрамі ў канкрэтных беларускіх праектах.
У мэтах наладжвання супрацоўніцтва і кааперацыі страхавых кампаній дзвюх краін пры садзеянні Мінскага аддзялення БелГПП Ірына Мерзлякова падпісала Даляньскую ініцыятыву, што з’яўляецца важкім крокам для развіцця беларуска-кітайскіх адносін у страхавым сектары. Ініцыятыва прадугледжвае: аказанне ўзаемнай дапамогі, правядзенне рабочых груп, навучанне спецыялістаў інавацыям у сферы страхавання, абмен вопытам.
Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі абмеркавалі з патэнцыйнымі кітайскімі партнёрамі магчымыя напрамкі работы і сумесныя міжнародныя беларуска-кітайскія страхавыя праекты.
На працягу візіту беларуская дэлегацыя наведала вядомыя кітайскія страхавыя кампаніі: PING AN Property Insurance Dalian Branch, PICC Dalian Branch, Dajia Property Insurance Dalian Branch і інш., дзе таксама абмяркоўвалася кааперацыя.
У ходзе візіту беларуская дэлегацыя правяла сустрэчы з прэзідэнтам Кітайскага камітэта садзеяння міжнароднаму гандлю Даляня спадаром Сун Ляньюнем і намеснікам генеральнага сакратара Урада Даляня спадаром Чжоу Янем, выказаўшы ім падзяку за садзеянне, увагу і гатоўнасць да наладжвання кантактаў па лініі бізнесу дзвюх краін.