III Студэнцкі форум «Маркетынг 6.0»: дзе нараджаюцца стратэгіі будучыні
14 сакавіка 2025 г.

З 12 па 14 сакавіка ў Інстытуце бізнесу БДУ прайшоў III Студэнцкі форум «Маркетынг 6.0», які аб’яднаў адукацыю і практыку. Арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму з удзелам вядучых спецыялістаў з АшчадБанка (рус. Сбер Банка), Альфа-банка, групы кампаній «А-100 Дэвелапмент», «Модум – наша касметыка» і іншых лідараў рынку.

На ўрачыстым адкрыцці форуму з прывітальным словам выступіла намеснік генеральнага дырэктара па ЗЭС Мінскага аддзялення БелГПП Ірына Іванова. У сваім выступленні яна падкрэсліла важнасць развіцця сучасных маркетынгавых кампетэнцый для будучых спецыялістаў і ролю лічбавых тэхналогій у трансфармацыі бізнес-працэсаў.

Мінскае аддзяленне БелГПП выступіла генеральным інфармацыйным партнёрам форуму.

14 сакавіка форум завяршыўся яркім фіналам — Алімпіядай па маркетынгу, якая стала кульмінацыяй двухдзённага мерапрыемства. Больш за 20 каманд з вядучых ВНУ і каледжаў краіны змагаліся за званне лепшых. Удзельнікі рашалі рэальныя маркетынгавыя кейсы, распрацоўвалі стратэгіі прасоўвання, прапаноўвалі інавацыйныя рашэнні з выкарыстаннем штучнага інтэлекту і абаранялі свае праекты перад экспертамі.

Лепшыя каманды атрымалі памятныя прызы ад Мінскага аддзялення БелГПП і партнёраў форуму. Галоўным прызам Алімпіяды стала статуэтка Меркурыя – старажытнарымскага бога гандлю і апекуна камерцыі.

Алімпіяда прадэманстравала высокі патэнцыял маладых спецыялістаў. Гэта менавіта тыя людзі, якія будуць ствараць маркетынгавыя стратэгіі будучыні, дзе інавацыі, дакладнае бачанне і крэатыўнасць стануць асновай для дасягнення бізнес-мэт.

Форум завяршыўся, але атрыманыя веды, навыкі і новыя кантакты стануць магутным стартам для ўдзельнікаў у іх вучобе і прафесійнай кар’еры.

Фота
Наверх