У рамках візіту дэлегацыі Кітайскага цэнтра трансферу тэхналогій дзяржаў-членаў ШАС, прымеркаванага да афіцыйнага візіту Прэм’ера Дзяржаўнага савета Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліку Беларусь, адбылася сустрэча кіраўніка Мінскага аддзялення БелГПП з прадстаўнікамі кітайскай дэлегацыі.
У ходзе сустрэчы генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка і дырэктар Кітайскага цэнтра трансферу тэхналогій дзяржаў-членаў ШАС Чжаа Чжун’юань падпісалі Пагадненне аб стварэнні сумеснага Каардынацыйнага цэнтра Кітайскага цэнтра трансферу тэхналогій дзяржаў-членаў ШАС у горадзе Мінску.
Перад цэнтрам стаяць наступныя задачы: аказанне міжнародных паслуг у галіне інавацый, навукі і тэхналогій, бізнесу, эканомікі і гандлю, прыцягненне інвестыцый, стварэнне сумесных адукацыйных праграм, арганізацыя візітаў, стажыровак і вучэбных праграм.
У рамках сустрэчы бакі акрэслілі прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва: адукацыя, медыцына, гандаль і інвестыцыі, навука і тэхналогіі.
Таксама падкрэслілі выніковасць дзелавога візіту ў г. Цындаа пад эгідай Мінскага аддзялення БелГПП у жніўні 2023 г., дзе і быў закладзены фундамент – падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мінскім аддзяленнем БелГПП і Кітайскім цэнтрам трансферу тэхналогій дзяржаў-членаў ШАС.