
14 ліпеня адбылася аднадзённая водная вандроўка выхаднога дня – сплаў па рацэ Нёман! Рака старая – яе пойма пачала фарміравацца каля дзесяці тысяч гадоў таму. Нёман быў крыніцай жыцця для людзей, яго воды служылі гандлёвым шляхам, што злучаў гарады і паселішчы Вялікага Княства Літоўскага, а на яго берагах вырасталі абарончыя замкі і крэпасці.
Вандроўка-сплаў была арганізавана Прафкамам ППА УП «МІНСКАЕ АДДЗЯЛЕННЕ БЕЛГПП» пры ўдзеле групы акрэдытаваных прафесіяналаў водна-турыстычнага партала veslo.by
У мерапрыемстве бралі ўдзел 27 турыстаў, якія сплаўляліся на трох рафтах. Агульная працягласць воднага маршруту склала каля 20 км. Гэта, безумоўна, не шмат, але для большасці ўдзельнікаў гэта быў першы водны паход, а для спрактыкаваных – цудоўная расслабляльная вандроўка выхаднога дня!
Першы этап сплаву працягласцю 10 км быў ад сяла Яршы (Уздзенскі раён) да населенага пункта Магільна, дзе вандроўнікаў сустрэлі гарачым абедам, забаўлялі спартыўнымі гульнямі. Пасля невялікага адпачынку на беразе, вандраванне прадоўжылася чарговым 10-ці кіламетровым сплавам да вёскі Сверынава (Стаўбцоўскі раён). У канчатковым пункце маршруту ўдзельнікі сплаву не стрымаліся ад цудоўнай магчымасці пакупацца на развітанне ў легендарнай беларускай рацэ.
Для супрацоўнікаў арганізацыі гэты сплаў стаў сапраўдным выпрабаваннем на трываласць і ўменне працаваць у камандзе. Адрэналін, азарт і прага прыгод накрывалі з галавой. Свежае паветра, плёскат вады пад вяслом, хуткаплынныя краявіды па абодва бакі ракі, купанне і нязмушаныя стасункі надоўга застануцца ў памяці вандроўнікаў.