
У Ташкенце адбыўся Узбекска-Беларускі бізнес-форум, арганізаваны Беларускай гандлёва-прамысловай палатай сумесна з Гандлёва-прамысловай палатай Рэспублікі Узбекістан і Міністэрствам інвестыцый і знешняга гандлю Узбекістана ў рамках афіцыйнага візіту ў Ташкент урадавай дэлегацыі на чале з Прэм'ер-міністрам Рэспублікі Беларусь Раманам Галоўчанкам.
У бізнес-форуме прынялі ўдзел старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў, старшыня ГПП Узбекістана Даўрон Вахабаў, першы намеснік Міністра турызму і культурнай спадчыны Рэспублікі Узбекістан Улугбек Азамаў, намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Ігар Назарук, прадстаўнікі больш за 65 беларускіх і больш за 150 узбекскіх прадпрыемстваў і арганізацый.
Вітаючы ўдзельнікаў, старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў адзначыў, што бізнес-форум як пляцоўка зносін дзелавых колаў важны тым, што дае магчымасць абмену вопытам і паказвае перспектывы ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, вырашэння стратэгічных задач партнёрства. Ён таксама падкрэсліў, што Беларуская гандлёва-прамысловая палата ўдзяляе вялікае значэнне развіццю кантактаў дзелавых колаў дзвюх краін: рэгулярна праводзяцца кангрэсныя мерапрыемствы, выстаўкі і экспазіцыі, якія даюць магчымасць устанавіць кантакты, адкрыць новыя гарызонты для бізнесу.
Улічваючы значную цікавасць беларускага бізнесу і грамадства да ўзбекскіх тавараў, Міхаіл Мятлікаў запрасіў прадстаўнікоў ГПП Узбекістана і дзелавыя колы гэтай краіны арганізаваць краінавую экспазіцыю Рэспублікі Узбекістан у Беларусі.
У ходзе форуму разгледжаны перспектыўныя напрамкі развіцця беларуска-ўзбекскага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, адбыліся прэзентацыі магчымасцей, якія прадастаўляюцца замежным кампаніям у рамках прэферэнцыйных рэжымаў у Беларусі, а таксама перавагі выкарыстання сучасных лічбавых плацежных сістэм, распрацаваных у Беларусі.
Кіраўнікі беларускіх і ўзбекскіх прадпрыемстваў і арганізацый падпісалі восем двухбаковых дакументаў аб супрацоўніцтве і пастаўках прадукцыі.
Пасля заканчэння пленарнай часткі форуму прадстаўнікі бізнесу Беларусі і Узбекістана прадоўжылі работу ў фармаце В2В, абмеркавалі канкрэтныя праекты ўзаемавыгаднага партнёрства.
У рамках візіту ў Ташкент члены беларускай бізнес-дэлегацыі наведалі міжнародную выставу «ІНАПРОМ. Цэнтральная Азія», прынялі ўдзел у дзелавых мерапрыемствах выставы. Плануецца, што падчас візіту будзе падпісана больш за 30 двухбаковых дакументаў.