Другі Зімбабвійска-Беларускі бізнес-форум
30 студзеня 2023 г

У Харарэ адбыўся Зімбабвійска-Беларускі бізнес-форум, арганізаваны Беларускай гандлёва-прамысловай палатай сумесна з Зімбабвійскай нацыянальнай гандлёвай палатай напярэдадні дзяржаўнага візіту ў Зімбабвэ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі.

Форум з удзелам прадстаўнікоў дзелавой супольнасці Беларусі і Зімбабвэ праводзіцца гандлёва-прамысловымі палатамі дзвюх краін другі раз. Тэма мерапрыемства – «Пашыраючы гарызонты: дынамічныя рашэнні эканамічнага развіцця».

У адкрыцці бізнес-форуму прынялі ўдзел Віцэ-прэзідэнт Рэспублікі Зімбабвэ Канстанціна Чывенга, Намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Пётр Пархомчык, Міністр прамысловасці і гандлю Зімбабвэ Секая Нзенза, прэзідэнт Зімбабвійскай нацыянальнай гандлёвай палаты Майк Камунгерэма, старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў.

Канстанціна Чывенга падкрэсліў існуючыя цёплыя адносіны паміж краінамі і паступовае ўмацаванне супрацоўніцтва, чаму ў тым ліку садзейнічалі  прошлыя візіты на вышэйшым і высокім узроўнях.

«Гэты форум уяўляе сабой ідэальную платформу для абмену меркаваннямі, ведамі і інфармацыяй па эканамічнаму развіццю. І я спадзяюся, што ён дазволіць абмяняцца вопытам і ведамі, якія ў далейшым дазволяць раскрыць увесь патэнцыял, які ёсць у абодвух бакоў, – сказаў ён. – У Зімбабвэ існуе маса магчымасцяў для інвеставання ў самыя розныя галіны – сельскую гаспадарку, горназдабыўную прамысловасць, турызм, энергетыку, транспарт, адукацыю і многія іншыя. Прыярытэтам з'яўляецца аблягчэнне ўмоў для вядзення бізнесу. Гэта частка нашай стратэгіі эканамічнага і палітычнага развіцця да 2025 года, калі мы плануем вывесці краіну на зусім новы якасны ўзровень развіцця. І сёння я рады быў даведацца, што нашыя беларускія партнёры гатовыя інвеставаць у развіццё прамысловага супрацоўніцтва з Зімбабвэ».

Віцэ-прэм'ер Беларусі Пётр Пархомчык адзначыў, што бакамі праведзена ўжо каласальная работа па развіццю супрацоўніцтва. Тавараабарот паміж Беларуссю і Зімбабвэ з 2018 года вырас у сем разоў і дасягнуў 39 млн долараў ЗША па выніках студзеня – лістапада мінулага года.

«Беларусь поўнафарматна ўдзельнічае ў мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі Зімбабвэ. За тры гады пастаўлена больш за дзве тысячы трактароў, камбайнаў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. Запушчаны шэраг інвестыцыйных праектаў у сельскай гаспадарцы, здабычы карысных выкапняў, прамысловай кааперацыі. І гэта толькі пачатак вялікага шляху», – упэўнены Намеснік Прэм'ер-міністра.

«Беларусі ёсць што прапанаваць зімбабвійскім партнёрам у дадатак да праектаў, якія ўжо рэалізуюцца. Гэта грузавая, пасажырская, дарожна-будаўнічая тэхніка, тавары народнага спажывання, прадукты харчавання, фармацэўтычная прадукцыя і яшчэ шмат з таго, што можа прынесці карысць зімбабвійскаму народу», – сказаў Пётр Пархомчык.

Адначасова, паводле яго слоў, беларускаму боку цікавая прадукцыя, якая вырабляецца ў Зімбабвэ: «Будучы членам Еўразійскага эканамічнага саюза, Беларусь гатова стаць мостам паміж Еўразіяй і Паўднёвай Афрыкай. Эканомікі Беларусі і Зімбабвэ ўзаемадапаўняльныя. Мы ўпэўнена рухаемся далей і паступова прыходзім праз гандаль да больш сучасных і шматпланавых эканамічных адносін».

Выступаючы перад удзельнікамі форуму, старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў адзначыў, што ў беларускага бізнесу ёсць рэальны інтарэс і канкрэтныя прапановы па развіццю ўзаемадзеяння і рэалізацыі сумесных праектаў з зімбабвійскімі партнёрамі. У складзе дэлегацыі – кіраўнікі 33 вядучых айчынных арганізацый і прадпрыемстваў. Гэта і прамысловыя флагманы, якія паспяхова працуюць на зімбабвійскім рынку і разлічваюць на паглыбленне супрацоўніцтва, а таксама прадпрыемствы іншых напрамкаў дзейнасці, якія ўяўляюць узаемную цікавасць: мясамалочныя, фармацэўтычныя кампаніі, вытворцы тавараў лёгкай прамысловасці, прадстаўнікі лагістычнага сектара, адукацыі і іншых сфер. «Яны поўныя надзей знайсці партнёраў, устанавіць доўгатэрміновыя дзелавыя кантакты», – адзначыў старшыня БелГПП.

Міхаіл Мятлікаў таксама падкрэсліў эфектыўнасць правядзення ў мінулыя гады двухбаковых дзелавых мерапрыемстваў, удзелу беларускіх прадпрыемстваў у выставах у Зімбабвэ. Ён запрасіў зімбабвійскія дзелавыя колы наведаць Беларусь і прыняць удзел у буйных міжнародных дзелавых і выставачных праектах у гэтым годзе. «Ад імя Беларускай гандлёва-прамысловай палаты магу запэўніць вас, што мы зробім усё магчымае, каб аказаць зімбабвійскім і беларускім кампаніям неабходную падтрымку і садзейнічанне», – адзначыў старшыня БелГПП.

Прэзідэнт Зімбабвійскай нацыянальнай гандлёвай палаты Майк Камунгерэму падкрэсліў, што яго краіна атрымала вялікую выгаду ад двухбаковых адносін з Беларуссю ў самых розных галінах. Яны ўключаюць у сябе сельскую гаспадарку, горназдабыўную прамысловасць, энергетыку, развіццё інфраструктуры, навуку, тэхналогіі і інавацыі. «Адной з мэт сённяшняга мерапрыемства з'яўляецца пашырэнне спектра гэтых галін. Для таго каб уключыць такія, як ахова здароўя, вытворчасць харчовых прадуктаў, лёгкую і цяжкую прамысловасць, вытворчасць і выкарыстанне угнаенняў, адукацыю», – сказаў ён.

«Нам дакладна зразумела, што галіны супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі пашыраюцца і адчыняюць новыя гарызонты, якія прынясуць карысць інвестарам. У эканамічных адносінах Беларусь і Зімбабвэ не з'яўляюцца канкурэнтамі. І мы можам развіваць узаемавыгадны гандаль і інвестыцыі», – падкрэсліў Майк Камунгерэму.

У рамках афіцыйнай цырымоніі адкрыцця бізнес-форуму ў прысутнасці высокіх гасцей паміж партнёрамі ў Беларусі і Зімбабвэ падпісаны шэраг важных дакументаў. Пагадненні з кампаніяй AFTRADE DMCC аб рэалізацыі сваёй прадукцыі ў Зімбабвэ падпісалі холдынг «Лідсельмаш», Мінскі маторны завод. «Гомсельмаш» заключыў з партнёрамі мемарандум аб двухбаковым супрацоўніцтве «з мэтай задавальнення попыту сельгасвытворцаў Рэспублікі Зімбабвэ сельскагаспадарчай тэхнікай».

Яшчэ адзін мемарандум аб супрацоўніцтве з AFTRADE DMCC быў заключаны прадпрыемствам «Бабруйскаграмаш». Бабруйскі вытворца мае намер пастаўляць сваю тэхніку і запасныя часткі да яе.

Мемарандум аб стратэгічным партнёрстве быў падпісаны паміж Мінскім трактарным заводам і AFTRADE DMCC у рамках прасоўвання тэхнікі BELARUS на рынку Зімбабвэ. Акрамя таго, мемарандум аб развіцці супрацоўніцтва заключылі Канфедэрацыя прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (наймальнікаў) Беларусі і Канфедэрацыя прамысловасці Зімбабвэ.

Мінскі трактарны завод, згодна з падпісаным на форуме дакументам, у 2023–2024 гадах паставіць у Зімбабвэ 3575 трактароў. У далейшым колькасць тэхнікі і тэрміны паставак будуць вызначацца па выніках перагавораў з зімбабвійскімі сельгаспрадпрыемствамі.

Падчас прэзентацыйнай часткі мерапрыемства ўдзельнікам прадстаўлены інвестыцыйныя магчымасці Зімбабвэ, інструменты падтрымкі беларускага экспарту і патэнцыял беларускіх кампаній у сферах прамысловай вытворчасці, мясной і малочнай прамысловасці. Разгледжаны практычныя прыклады паспяховага беларуска-зімбабвійскага ўзаемадзеяння.

Пасля завяршэння афіцыйнай часткі мерапрыемства прадстаўнікі бізнесу прадоўжылі работу ў фармаце В2В-перагавораў. Акрамя таго, для зімбабвійскіх гасцей форуму арганізавана дэгустацыя мясной і малочнай прадукцыі беларускіх кампаній.

На 31 студзеня запланаваны наведванні членамі беларускай дэлегацыі дзелавых колаў вытворчых пляцовак зімбабвійскіх прадпрыемстваў.

Фота
Відэа