Дзелавы форум Рэспублікі Беларусь і Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі «Дзень пастаўшчыка»
14 сакавіка 2023 г

Актуальныя пытанні і перспектыўныя напрамкі развіцця двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва разгледжаны ў ходзе праведзенага ў Мінску дзелавога форуму Рэспублікі Беларусь і Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі «Дзень пастаўшчыка».

Форум арганізаваны Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Саюзам «Гандлёва-прамысловая палата Ніжагародскай вобласці» ў працяг кантактаў і дамоўленасцей, дасягнутых падчас урадавага візіту Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Рамана Галоўчанкі ў Ніжні Ноўгарад у пачатку лютага гэтага года.

Для ўдзелу ў мерапрыемстве ў Мінск прыбыла буйная дэлегацыя дзелавых колаў Ніжагародскай вобласці. У яе склад увайшлі кіраўнікі 28 кампаній, якія працуюць у сферах вытворчасці аўтакампанентаў і распрацоўкі рабатызаваных комплексаў, тэкстыльнай прамысловасці, радыёэлектронікі, вытворчасці будаўнічага абсталявання і матэрыялаў, прамысловага інструмента, праектавання памяшканняў і суднавага абсталявання, дрэваапрацоўкі, металургіі, вытворчасці аўта- і бытавой хіміі, гандлю.

У пленарнай частцы форуму прынялі ўдзел Міністр прамысловасці, гандлю і прадпрымальніцтва Ніжагародскай вобласці Максім Чаркасаў, старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў, старшыня праўлення, генеральны дырэктар Саюза «ГПП Ніжагародскай вобласці» Іван Разуваеў, кіраўнікі ніжагародскіх і беларускіх прадпрыемстваў.

Увазе ўдзельнікаў прадстаўлены магчымасці прымянення інструментарыя падтрымкі Расійскага экспартнага цэнтра, практычныя аспекты ажыццяўлення знешнеэканамічных аперацый паміж расійскімі і беларускімі суб'ектамі, паслугі лагістычнага аператара РУП «Белмытсэрвіс», перавагі выкарыстання механізму біржавых таргоў для развіцця бізнесу, паспяховыя прыклады ўдзелу расійскага бізнесу ў закупках у Рэспубліцы Беларусь, а таксама экспартны патэнцыял Аршанскага раёна Віцебскай вобласці.

Пасля заканчэння пленарнай часткі адбыліся В2В-перагаворы паміж прадстаўнікамі беларускіх і ніжагародскіх кампаній. Абмеркаваць магчымасці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з членамі дэлегацыі Ніжняга Ноўгарада прыбылі больш як 130 прадстаўнікоў бізнесу з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Як адзначыў у ходзе форуму старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў, значная колькасць удзельнікаў перагавораў, а таксама актывізацыя правядзення дзяржаўных і дзелавых мерапрыемстваў сведчаць аб наяўнасці жывой цікавасці ў прадстаўнікоў бізнес-супольнасці Беларусі і Ніжагародскай вобласці ў наладжванні партнёрства. Ён выказаў упэўненасць, што правядзенне дзелавых мерапрыемстваў і наведванне беларускіх прадпрыемстваў будуць прадуктыўнымі для бізнесу, а вынікам перагавораў стануць канкрэтныя дамоўленасці і падпісаныя кантракты ў самай бліжэйшай перспектыве.

«Гандлёва-прамысловыя палаты будуць і ў далейшым аказваць актыўнае садзейнічанне развіццю бізнес-дыялога, у тым ліку ў рамках маючага адбыцца Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, выставы ІННАПРОМ і іншых выставачных і кангрэсных мерапрыемстваў, запланаваных на 2023 год», – запэўніў удзельнікаў Міхаіл Мятлікаў.

У рамках візіту ніжагародская дэлегацыя таксама правяла сустрэчы і перамовы на пляцоўцы Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». 15 і 16 сакавіка госці наведаюць флагманы беларускай прамысловасці – МТЗ, МАЗ, БЕЛАЗ, «Белкамунмаш», а таксама шэраг малых прадпрыемстваў.

Фота
Відэа