7–9 снежня ў рамках афіцыйнага візіту Кіраўніка Рэспублікі Башкартастан Радыя Хабірава ў Рэспубліку Беларусь Мінскім аддзяленнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты арганізаваны мерапрыемствы з удзелам прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі і Башкартастана (РФ).
7 снежня адбылася прэзентацыя інвестыцыйнага і эканамічнага патэнцыялу Рэспублікі Башкартастан для прадстаўнікоў беларускага бізнесу. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнік дэлегацыі Башкартастана Радый Хабіраў, старшыня БелГПП Уладзімір Улаховіч, генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка, а таксама больш за 300 прадстаўнікоў беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў хімічнай, машынабудаўнічай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, лёгкай прамысловасці і іншых галін.
Адкрываючы прэзентацыю, Кіраўнік Рэспублікі Башкартастан падкрэсліў важнасць развіцця двухбаковых адносін, нарошчвання тавараабароту, падабенства эканомік Беларусі і Башкартастана, а таксама падзякаваў старшыні канцэрна «Белнафтахім» Андрэю Рыбакову і кіраўніку аддзялення Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ва Уфе Артуру Карповічу за вялікі ўклад ва ўмацаванне сяброўства і супрацоўніцтва, уручыўшы ім ордэны Дружбы народаў Рэспублікі Башкартастан.
Увазе беларускіх прадпрымальнікаў прадстаўлены асаблівасці вядзення бізнесу ў Башкартастане, перспектыўныя праекты партнёрства, магчымыя напрамкі пашырэння дзелавых сувязей.
Прадстаўнікі беларускага і башкірскага бізнесу правялі перагаворы аб развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Адбылося больш за 200 двухбаковых сустрэч.
Акрамя таго, у рамках візіту члены расійскай дэлегацыі наведалі 13 беларускіх прадпрыемстваў, азнаёміліся з перавагамі, ільготнымі ўмовамі, падатковымі прэферэнцыямі для рэзідэнтаў індустрыяльнага парка «Вялікі камень», СЭЗ «Мінск» і Мінскага гарадскога тэхнапарка.
Па выніках візіту падпісаны двухбаковыя дакументы, накіраваныя на вырашэнне прыярытэтных задач гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Башкартастан.