Экспазіцыя Беларусі на выставе «Інапрам» у Екацярынбургу
5 ліпеня 2022 г

Экспазіцыя Беларусі прадстаўлена на XII міжнароднай прамысловай выставе «Інапрам», якая праходзіць 4–7 ліпеня ў Екацярынбургу.

Беларускі павільён арганізаваны выставачным прадпрыемствам «Белінтэрэкспа» Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Суарганізатары – Міністэрства прамысловасці, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Экспазіцыя арганізавана пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.

У экспазіцыі Беларусі прымаюць удзел 13 прадпрыемстваў: холдынг «Аўтакампаненты», «Белкамунмаш», «Белшына», Беларускі металургічны завод, Гомельскі завод спецінструмента і тэхналагічнага абсталявання, Гомельскі завод станкоў і вузлоў, «Інтэграл», Кранавы завод, «Чырвоны барацьбіт», «СтанкаГомель», Мінскі маторны завод і «Магілёўліфтмаш». Яны дэманструюць лепшую прадукцыю і навінкі вытворчасці, у тым ліку станкі і апрацоўчае абсталяванне, мікраэлектронныя кампаненты, макеты электробуса і электрагрузавіка, стальную прадукцыю, шыны, падшыпнікі і іншае.

У першы дзень выстаўкі экспазіцыю Беларусі наведалі Прэм'ер-міністр Расійскай Федэрацыі Міхаіл Мішусцін і Міністр прамысловасці і гандлю Расійскай Федэрацыі Дзяніс Мантураў. З прадукцыяй, прадстаўленай у экспазіцыі, высокіх гасцей азнаёмілі Міністр прамысловасці Рэспублікі Беларусь Пётр Пархомчык, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Уладзімір Сямашка.

«Інапрам» – найбуйнейшая прамысловая выстава ў Расійскай Федэрацыі.

У 2022 годзе ў выставе прымаюць удзел 500 кампаній з Казахстана, Абхазіі, Аўстрыі, Алжыра, Арменіі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, В'етнама, Германіі, Зімбабвэ, Ірака, Ірана, Італіі, Кітая, Манголіі, М'янмы, Нігерыі, Сірыі. Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Узбекістана, Чэхіі, Шры-Ланкі, Паўднёвай Асеціі, ПАР. Краінай – партнёрам выставы з'яўляецца Рэспубліка Казахстан.

Фота
Наверх