
Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч прымае ўдзел у XII Сусветным кангрэсе гандлёва-прамысловых палат, які праходзіць у Дубаі.
Кангрэс арганізаваны Міжнароднай гандлёвай палатай (ICC) і Сусветнай федэрацыяй палат (WCF) сумесна з Гандлёва-прамысловай палатай Дубая. Трохдзённае мерапрыемства праходзіць пад дэвізам «Пакаленне Next: Палаты 4.0». Кіраўнікі бізнес-асацыяцый і прадстаўнікі дзелавых колаў з усяго свету абмяркоўваюць ролю гандлёва-прамысловых палат у прасоўванні глабальнага гандлю, новыя праблемы і магчымасці, якія ўзнікаюць у эпоху пандэміі, а таксама пытанні трансфармацыі ГПП і іх паслуг у адпаведнасці са зменлівымі патрэбамі бізнесу, пад уплывам сучасных тэндэнцый і тэхналогій.
У першы дзень працы Кангрэса старшыня БелГПП правёў сустрэчы і перамовы з кіраўнікамі Міжнароднай гандлёвай палаты (ICC), гандлёва-прамысловых палат Расійскай Федэрацыі і асобных рэгіёнаў Расіі (Масква, Санкт-Пецярбург, Ліпецкая вобласць), Украіны, Манголіі, Сірыі, Мадагаскара, Іарданіі, Беніна, Калумбіі, эмірата Шарджа, Палаты г.Турына (Італія). Падчас сустрэч разгледжаны актуальныя пытанні міжпалацкага супрацоўніцтва, планы па правядзенні сумесных дзелавых мерапрыемстваў, прасоўванню кантактаў дзелавых колаў.
У прыватнасці, з прэзідэнтам ГПП Расійскай Федэрацыі Сяргеем Катырыным абмеркаваны пытанні падрыхтоўкі маючай адбыцца сустрэчы Кансультатыўнага савета кіраўнікоў палат дзяржаў – членаў ЕАЭС, з прэзідэнтам ГПП Украіны Генадзем Чыжыкавым – планы па арганізацыі наступнага пасяджэння Беларуска-Украінскага Кансультатыўнага савета дзелавога супрацоўніцтва. Прэзідэнт Саюза «Ліпецкая ГПП» Анатоль Гольцоў прадставіў створаны пры Палаце камітэт па супрацоўніцтве з Рэспублікай Беларусь, у склад якога ўваходзяць кіраўнікі прадпрыемстваў, зацікаўленыя ў развіцці прамысловай кааперацыі, а таксама пацвердзіў гатоўнасць у бліжэйшы час арганізаваць візіты некалькіх профільных дэлегацый у Беларусь для правядзення сустрэч з беларускімі дзелавымі коламі і наведвання прадпрыемстваў.
Пытанні ўзаемадзеяння ў рамках Міжнароднай гандлёвай палаты і Сусветнай федэрацыі палат, а таксама ўдзелу ў мерапрыемствах наступнага Сусветнага кангрэса абмеркаваны на сустрэчы старшыні БелГПП з дырэктарам ICC Вінцэнтам О'Браенам.
У ходзе перагавораў Уладзіміра Улаховіча і прэзідэнта Нацыянальнай гандлёва-прамысловай палаты Манголіі Атгондава Амартушына пацверджаны дасягнутыя раней дамоўленасці аб удзеле беларускіх прадпрыемстваў у адной з міжнародных універсальных выставак у Манголіі, а таксама аб сумеснай рабоце па падбору прадпрыемстваў дзвюх краін, зацікаўленых у стварэнні сумесных прадпрыемстваў у галінах жывёлагадоўлі і тэкстыльнай прамысловасці.
Кіраўнікі гандлёва-прамысловых палат дзяржаў Афрыкі пацвердзілі зацікаўленасць прыняць удзел у трэцім Беларуска-Афрыканскім эканамічным форуме, які плануецца ў Каіры ў маі наступнага года, а таксама ў пашырэнні дзелавога супрацоўніцтва бізнесу Афрыканскага кантынента з беларускімі вытворцамі прадуктаў харчавання і прадукцыі машынабудавання. Прадстаўнікі кіраўніцтва ГПП Калумбіі выказалі цікавасць калумбійскіх кампаній ва ўстанаўленні кантактаў з беларускімі прадпрыемствамі хімічнай прамысловасці.
На сустрэчы са старшынёй Гандлёва-прамысловай палаты эмірата Шарджа Абдулой Султанам Аль Аваісам дасягнута дамоўленасць аб удзеле беларускіх прадпрыемстваў у адной з міжнародных выставак у галіне машынабудавання, якія праходзяць у гэтым эміраце, а таксама аб арганізацыі візіту ў Беларусь дэлегацыі зацікаўленых дзелавых колаў для разгляду пытанняў інвесціравання канкрэтных праектаў у Менску і абласных цэнтрах краіны.