
Нацыянальная экспазіцыя Рэспублікі Беларусь прадстаўлена на чацвёртай Кітайскай міжнароднай выставе імпарту (CIIE), якая адкрылася 4 лістапада ў Шанхаі.
Экспазіцыя арганізавана Беларускай гандлёва-прамысловай палатай. Выставачны аператар – выставачнае прадпрыемства «Белінтэрэкспа» БелГПП.
У складзе экспазіцыі – прадпрыемствы харчовай прамысловасці, сферы інфармацыйных тэхналогій, а таксама міністэрствы, медыцынскія, навуковыя і навукова-вытворчыя ўстановы і ўніверсітэты, якія дэманструюць сваю прадукцыю і паслугі, запатрабаваныя сярод кітайскіх спажыўцоў.
Самым маштабным у нацыянальным павільёне стаў стэнд Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці «Белдзяржхарчпрам». Ён прэзентуе прадукцыю 16 вытворцаў кандытарскай, алкагольнай, маслатлушчавай, піваварнай, цукровай і кансервавай прадукцыі. У нацыянальнай экспазіцыі ўдзельнічаюць таксама кампаніі «Баймен Біятэхналогіі», «Белмытсэрвіс», «Экзон». Паслугі кітайскім партнёрам прапануюць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку дзяржуніверсітэты; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, у тым ліку шэраг навуковых інстытутаў і навукова-вытворчых арганізацый; Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях.
Айчынныя кампаніі ўдзельнічаюць у Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь на выстаўцы CIIE 2021 у дыстанцыйным фармаце. Ён прадугледжвае работу ў Шанхаі супрацоўнікаў выставачнага прадпрыемства «Белінтэрэкспа» БелГПП, якія ў выпадку зацікаўленасці кітайскіх наведвальнікаў у прадукцыі або паслугах беларускіх прадпрыемстваў звязваюць бакі па відэасувязі. Такім чынам забяспечваецца правядзенне паўнацэнных бізнес-перагавораў у загадзя абумоўлены і зручны для ўдзельнікаў час.
Акрамя таго, да 10 лістапада ўключна для анлайн-наведвальнікаў выставы даступны віртуальны стэнд Рэспублікі Беларусь, выкананы з выкарыстаннем 3D-тэхналогій. Акцэнт зроблены на інвестыцыйную прывабнасць Беларусі, спрыяльны бізнес-клімат, работу ў Мінску і іншых гарадах сусветна вядомых кампаній, багатыя культурныя традыцыі, турыстычны сектар і поспехі ў спорце. Падрабязна апісаны IT-сфера, працэс рэалізацыя транзітнага патэнцыялу smart-платформы, а таксама асобныя галіны: сельская гаспадарка, машынабудаванне, дрэваапрацоўка.
Кітайская міжнародная выстаўка імпарту праводзіцца з 2017 года. У 2019 годзе яна сабрала 3800 кампаній са 180 краін. Агульная сума падпісаных кантрактаў і пратаколаў аб намерах перавысіла 70 млрд долараў ЗША. Выставу суправаджаюць дзясяткі дзелавых мерапрыемстваў: семінары, канферэнцыі, бізнес-форумы. У цырымоніі адкрыцця CIIE традыцыйна бяруць удзел кіраўнікі дзяржаў і члены ўрадаў многіх краін.