
Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мінскім аддзяленнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Кітайскім камітэтам садзейнічання міжнароднаму гандлю ў горадзе Гуанчжоу падпісана генеральным дырэктарам Мінскага аддзялення БелГПП Сяргеем Набешкам і прэзідэнтам ККСМГ г. Гуанчжоу Ян Юнам у ходзе сустрэчы ў анлайн-фармаце.
Пагадненне прадугледжвае рэалізацыю шэрага ініцыятыў па розных напрамках двухбаковага супрацоўніцтва з мэтай садзейнічання пашырэнню кантактаў бізнесу Беларусі і Кітая. Падпісанне дакумента прымеркавана да 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай.
Генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП адзначыў, што пагадненне – гэта чарговы практычны крок да стварэння эфектыўных умоў узаемадзеяння кітайскага і беларускага бізнесу. "Упэўнены, што падпісанне пагаднення стане пунктам адліку паспяховага дзелавога супрацоўніцтва на многія гады наперад", – падкрэсліў Сяргей Набешка.
У анлайн-сустрэчы прынялі ўдзел саветнік па гандлёва-эканамічных пытаннях Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжао Цюянь, генеральны консул Беларусі ў Гуанчжоу Андрэй Папоў, генеральны сакратар Гуандунскага саюза па міжнародным навукова-тэхнічным супрацоўніцтве з краінамі СНД, прадстаўнік БелГПП у Кітаі Го Фэнчжы. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння, магчымыя сумесныя праекты для пашырэння супрацоўніцтва бізнес-колаў дзвюх краін.