
Пасведчанні аб членстве ў найбуйнейшай бізнес-супольнасці краіны – Беларускай гандлёва-прамысловай палаце – уручаны кіраўнікам 18 прадпрыемстваў Мінска і Мінскай вобласці. Урачыстая цырымонія адбылася сёння ў БелГПП.
Сярод кампаній, якія прынялі рашэнне больш актыўна выкарыстоўваць тыя перавагі, што дае статус «Член БелГПП», – прадстаўнікі шырокага спектра сфер дзейнасці, у ліку якіх юрыдычныя і фінансавыя паслугі, гандаль, машынабудаванне, прамысловая вытворчасць, электратэхнічная прамысловасць, харчовая прамысловасць, ІТ-тэхналогіі, фармацэўтыка і вытворчасць медыцынскіх вырабаў, вытворчасць беспілотных лятальных апаратаў, распрацоўка прадуктаў у галіне кібербяспекі і іншае. Новыя члены БелГПП – гэта як маладыя прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, так і прадпрыемствы, якія ўжо паспяхова зарэкамендавалі сябе на рынку, але жадаюць развіваць знешнеэканамічную дзейнасць разам з экспертамі Палаты.
Паказальна, што шэраг прадпрыемстваў ужо знаёмы з паслугамі БелГПП і паспяхова скарыстаўся пэўнымі інструментамі падтрымкі для рашэння праблемных пытанняў, з якімі давялося сутыкнуцца ў сучаснай сітуацыі на знешніх рынках. Санкцыйны камплаенс, пацверджанне форс-мажору, уключэнне ў Рэестр добрасумленных партнёраў, атрыманне рэкамендацый ад Палаты для замежных контрагентаў як гарантыя плацяжоў, удзел у адукацыйных мерапрыемствах – гэта толькі частка паслуг, асабліва запатрабаваных беларускім бізнесам, які ўступае ў БелГПП.
«Уручэнне пасведчанняў – важная падзея. З аднаго боку ўрачыстая, але з другога – прыкладная. У фармаце круглага стала мы зможам падрабязна расказаць пра ўвесь спектр паслуг, якія прапаноўвае Беларуская гандлёва-прамысловая палата – а гэта больш як 100 відаў паслуг і напрамкаў дзейнасці. Акрамя таго, такое мерапрыемства – гэта магчымасць пачуць ад прадпрыемстваў пра іх магчымасці, чаканні, ініцыятывы ў рамках сістэмы БелГПП», – сказаў генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка.
Ён таксама адзначыў рад сфер, якія хвалююць, цікавяць бізнес на сённяшні момант: магчымасць прасоўвання тавараў, пераарыентацыя транспартных і фінансавых патокаў, санкцыйныя абмежаванні, пошук партнёраў па розных напрамках – у Расійскай Федэрацыі і краінах «далёкай дугі», пацверджанне добрасумленнасці. «Тое, што фарміруе павестку, – гэта, канечна ж, прапановы бізнесу. Палата заўсёды стараецца быць на вастрыні гэтых запытаў, пашыраючы спектр паслуг, трансфармуючы іх, пастаянна знаходзячыся ў кантакце з прадпрыемствамі, каб дапамагчы ім справіцца з сучаснымі выклікамі», – падкрэсліў генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП.
Паслугі ў галіне юрыдычнага суправаджэння знешнеэканамічнай дзейнасці прадставіў начальнік дэпартамента прававога забеспячэння і лічбавых тэхналогій БелГПП Віталій Вабішчэвіч. Аб рабоце Палаты ў галіне экспертызы і сертыфікацыі расказала намеснік генеральнага дырэктара Мінскага аддзялення Ірына Куцко.
У ходзе дыскусіі кіраўнікі прадпрыемстваў прадставілі рэальныя кейсы паспяховага супрацоўніцтва з БелГПП, задалі пытанні экспертам. Удзельнікі мерапрыемства сышліся ў меркаванні, што статус члена БелГПП сёння – гэта прэстыж, гэта сапраўды знак якасці для беларускіх прадпрыемстваў, прыкмета добрасумленнасці і надзейнасці як партнёра.
Пад заканчэнне новым дзейным членам БелГПП уручаны пасведчанні бізнес-супольнасці.