Сустрэча з бізнес-дэлегацыяй Чэлябінскай вобласці
13 красавіка 2022 г

У Гомельскім аддзяленні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускага бізнесу з дэлегацыяй дзелавых колаў Чэлябінскай вобласці (Расійская Федэрацыя).

Кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў аднаго з мацнейшых уральскіх рэгіёнаў наведалі Гомельскую вобласць упершыню. У склад расійскай дэлегацыі, якую ўзначаліў дырэктар Агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва Чэлябінскай вобласці Валерый Дзенісенка, увайшлі прадстаўнікі прадпрыемстваў – вытворцаў нафтагазавага абсталявання, буравых установак, грузавых кранаў, індукцыйнага абсталявання для плаўлення металу, а таксама абсталявання для сельскай гаспадаркі.

З беларускага боку ў мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі 19 прадпрыемстваў Гомельскай вобласці.

Адкрываючы сустрэчу, генеральны дырэктар Гомельскага аддзялення БелГПП Марына Філонава падкрэсліла, што візіт чэлябінскай дэлегацыі ў Гомель – вынік узаемнай зацікаўленасці ў прадаўжэнні эфектыўных дзелавых кантактаў. Яна выказала надзею, што такія мерапрыемствы стануць добрай традыціяй, а ўзаемадзеянне з Агенцтвам міжнароднага супрацоўніцтва Чэлябінскай вобласці будзе прадоўжана.

В2В-перамовы прадстаўнікоў чэлябінскіх і гомельскіх прадпрыемстваў праходзілі для абодвух бакоў насычана і прадуктыўна. Сустрэча паказала глыбокую зацікаўленасць бізнэсу рэгіёнаў да сумеснага пераадолення сучасных выклікаў.

Прапаноўваючы актывізаваць абмен інфармацыяй, Марына Філонава адзначыла, што камерцыйныя прапановы ўдзельнікаў візіту размешчаны на электроннай пляцоўцы міжнародных кантактаў GomelProBusiness (bizgomel.by).

У ходзе візіту ў Гомельскую вобласць члены расійскай дэлегацыі таксама наведалі РУП ВА «Беларуснафта» і ААТ «Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», правялі перагаворы з кіраўніцтвам гэтых прадпрыемстваў.

Дасягнута дамоўленасць аб удзеле дэлегацыі Чэлябінскай вобласці ў Міжнароднай выставе «Вясна ў Гомелі».




Фота
Наверх