Форум-практыкум «Шлях у Індыю: магчымасць беларускага экспарту» праходзіць у Магілёве
24 ліпеня 2025 г.

Форум-практыкум «Шлях у Індыю: магчымасць беларускага экспарту», арганізаваны Беларускай гандлёва-прамысловай палатай, праходзіць у Магілёве. У мерапрыемстве бяруць удзел звыш 150 кампаній – прадстаўнікоў рэальнага сектара айчыннай эканомікі і больш за 20 спікераў, уключаючы спецыялістаў індыйскай банкаўскай, юрыдычнай, эканамічнай сфер.

– Для нашай краіны Індыя – вельмі цікавы рынак з колькасцю насельніцтва 1,5 млрд чалавек, рынак, у якім сярэдні клас расце імклівымі тэмпамі. Па прагнозах, да 2047 года сярэдні клас Індыі будзе генераваць 75% унутранага попыту. Акрамя таго, паводле ацэнак спецыялістаў, Індыя мае перспектыву да 2027 абагнаць эканоміку Японіі і Германіі і стаць трэцяй эканомікай свету. Таму для Беларусі мець такога гандлёва-эканамічнага партнёра вельмі важна і трэба, – адзначыла намеснік старшыні БелГПП Алена Маліноўская.

Да таго ж, паводле яе слоў, Індыя – гэта цэлы свет са сваім светапоглядам, са сваім падыходам да бізнесу, са сваімі традыцыямі. І калі б сёння Беларусь пачынала вывучаць Індыю з нуля, гэта было б вельмі цяжка.

– Але, на шчасце, у гэтым няма неабходнасці, – падкрэсліла Алена Маліноўская. – Беларускі бізнес з Індыяй працуе даўно. Дыпламатычныя адносіны былі ўстаноўлены ў 1992 годзе, па лініі гандлёва-прамысловай палаты мы пачалі ўзаемадзеянне ў 1993 годзе. Сёння прававая база БелГПП з гандлёва-прамысловымі палатамі Індыі налічвае 20 дакументаў. Мы на пастаяннай аснове арганізоўваем бізнес-місіі, удзельнічаем у індыйскіх выставах, прымаем індыйскіх калег у Беларусі. Прыемна, што ўсё гэта адбываецца па ўзаемнай цікавасці.

Форум-практыкум – гэта не проста дыскусія, а пакрокавая інструкцыя па выхаду беларускай прадукцыі на індыйскі рынак.

Як адзначыў генеральны дырэктар Магілёўскага аддзялення БелГПП Генадзь Чорны, мэта форуму – даць прадпрыемствам не агульныя развагі, а канкрэтныя інструменты і веды, якія дадуць магчымасць беларускаму бізнесу ўпэўнена стартаваць і развіваць доўгатэрміновае супрацоўніцтва з індыйскімі партнёрамі.

– Фарміруючы аўдыторыю прадпрыемстваў, зацікаўленых у развіцці адносін з Індыяй, мы атрымлівалі зваротную сувязь па пытаннях, якія актуальныя для бізнесу. У ходзе мерапрыемства будзе абмеркавана шырокае кола тэм – ад культурных асаблівасцей індыйцаў да пошуку партнёраў, правядзення плацяжоў, урэгулявання спрэчак, нюансаў сертыфікацыі, маркіроўкі, лагістыкі, – падкрэсліў Генадзь Чорны.

Форум-практыкум «Шлях у Індыю: магчымасць беларускага экспарту» ўключае тры сесіі. Запланаваны і нефармальныя зносіны зацікаўленых бакоў.

Фота
Наверх