Кіраўнікі дыппрадстаўніцтваў Беларусі правялі кансультацыі для бізнесу па пытаннях працы на замежных рынках
30 ліпеня 2025 г.

Традыцыйная штогадовая сустрэча кіраўнікоў дыпламатычных і консульскіх устаноў Рэспублікі Беларусь з прадстаўнікамі экспартна арыентаваных беларускіх прадпрыемстваў адбылася на пляцоўцы Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра «БелЭкспа». Кіраўнікі дыппрадстаўніцтваў правялі кансультацыі з зацікаўленымі асобамі па пытаннях працы на замежных рынках.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел 62 прадстаўнікі загранустаноў Беларусі і каля 100 супрацоўнікаў кампаній і арганізацый розных сфер дзейнасці з усіх рэгіёнаў краіны.

Адкрываючы сустрэчу, намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Павел Уцюпін адзначыў, што кожны год на сустрэчы з пасламі прыходзіць вялікая колькасць бізнесу, і гэта практыка добра сябе зарэкамендавала. Будучы сам паслом, ён ацаніў такі фармат працы.

– Ролю БелГПП нельга пераацаніць. Гэта значная асацыяцыя, бо гэта нацыянальны інстытут фінансавай падтрымкі экспарту. Палата заўсёды праводзіць вялікую колькасць мерапрыемстваў, у тым ліку з удзелам кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Напрыклад, толькі за мінулы год было праведзена больш як 500 мерапрыемстваў – каласальная колькасць, – падкрэсліў Павел Уцюпін.

Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў, у сваю чаргу, звярнуў увагу прысутных паслоў і кампаній на важнасць удзелу ў выязной выставе «ІННАПРОМ», якая стартуе 29 верасня ў Мінску менавіта на гэтай пляцоўцы.

– Плошчы ўжо ўсе прададзены. Беларуская экспазіцыя размесціцца на 6 тыс. кв. м, замежныя – на 8 тыс. кв. м. Пачынаюць фармаваць вулічныя экспазіцыі. Чакаюцца госці з дзясяткаў краін. Такое буйное мерапрыемства ў сучаснай гісторыі краіны праходзіць упершыню, – падкрэсліў кіраўнік БелГПП.

Як адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Індыя Міхаіл Касько, часцей за ўсё бізнес звяртаецца ў Пасольства, каб атрымаць інфармацыю аб рынках, аб іх ёмістасці, праверыць надзейнасць гандлёвых партнёраў, падабраць контрагента. Таксама абмяркоўваюцца пытанні лагістыкі паставак, ажыццяўлення плацяжоў.

– Індыя – найбуйнейшая краіна ў свеце па колькасці насельніцтва, якое расце апошнія пяць гадоў з сярэднім тэмпам 8% у год. Рост эканомікі Індыі дае магчымасць нашым вытворцам убудоўвацца і прапаноўваць свае тавары і паслугі самага шырокага спектра. Дынаміка тавараабароту на працягу апошніх гадоў станоўчая: рост назіраецца, галоўным чынам, за кошт беларускага экспарту тавараў і паслуг, – адзначыў Пасол.

Сёння Беларусь пастаўляе ў Індыю шырокую гаму прадукцыі. Гэта прадукцыя сельскай гаспадаркі, станкі, абсталяванне, прадукцыя дрэваапрацоўкі, лёгкай прамысловасці. Тым не менш, паводле слоў Міхаіла Касько, толькі гэтымі напрамкамі экспарт не можа і не павінен абмяжоўвацца. Чым больш Беларусь прысутнічае і ўсведамляе сваё месца на індыйскім рынку, тым больш новых магчымасцей для нашай краіны адкрываецца.

Фота
Наверх