Заходнія партнёры праяўляюць цікавасць да аднаўлення адносін з Беларуссю
13 чэрвеня 2025 г.

«Абмежавальныя меры ў сусветным гандлі: не перашкода, а новыя плавіла гульні» – семінар пад такой назвай правяла Беларуская гандлёва-прамысловая палата для прадстаўнікоў больш як 100 беларускіх прадпрыемстваў. Гэтае мерапрыемства – своеасаблівы пілотны праект БелГПП, таму што пытанні гандлёвых абмежаванняў для такой шырокай аўдыторыі абмяркоўваюцца ўпершыню.

Як адзначыла намеснік старшыні БелГПП Алена Маліноўская, тэма гандлёвых войнаў у свеце не новая, яна практыкуецца дастаткова даўно. А для нашай краіны апошнія гады стала асабліва актуальнай.

– За гэтыя некалькі гадоў мы ўжо назапасілі дастатковы вопыт і ў нас склалася разуменне, як працаваць у новых умовах. Праз час мы бачым, што заходнія партнёры праяўляюць цікавасць да аднаўлення адносін з Рэспублікай Беларусь. Наколькі гэта сёння магчыма, як гэта рабіць, як працаваць з партнёрамі з дружалюбных краін – гэтыя і іншыя нюансы былі разгледжаны падчас семінара, – распавяла Алена Маліноўская.

Адна з ключавых паслуг БелГПП у цяперашніх рэаліях – санкцыйны камплаенс. Аб асаблівасцях гэтай працэдуры ўдзельнікам мерапрыемства расказаў начальнік дэпартамента прававога забеспячэння і лічбавых тэхналогій БелГПП Віталь Вабішчэвіч.

Ён адзначыў, што санкцыі – гэта нарматыўныя прававыя акты, якія прымаюцца замежнымі краінамі, як асобнымі дзяржавамі, так і аб'яднаннямі, і ўстаўляюць палкі ў працу беларускіх прадпрыемстваў на знешніх рынках. Самы вялікі мінус абмежавальных мер у тым, што яны маюць так званы трансгранічны характар, калі дружалюбныя рэзідэнты адмаўляюцца ўзаемадзейнічаць з беларускімі рэзідэнтамі з-за рызыкі другасных санкцый.

– Санкцыйны камплаенс праводзіцца для таго, каб прадстаўнікі бізнесу, перад тым як заключаць кантракт, маглі ацаніць магчымы ўплыў санкцый на выкананне кантракта, на лагістыку, на плацяжы, на гарантыйныя абавязацельствы. Прадпрыемству ў адзіночку цяжка разабрацца ва ўсёй нарматыўнай дакументацыі заходніх краін. Гэта проста горы дакументаў. Напрыклад, правілы экспартнага кантролю ў ЗША – гэта 990 старонак дробным шрыфтам. Улічваючы, што Палата вельмі глыбока ўнікала ў сутнасць санкцыйных абмежаванняў, у нас сфармаваўся пэўны вопыт, якім мы дзелімся з прадпрыемствамі як у рамках мерапрыемстваў, так і падчас індывідуальных кансультацый, – падкрэсліў Віталь Вабішчэвіч.

Аб практыцы спагнання запазычанасці, прызнання і прывядзення ў выкананне рашэнняў судоў і арбітражаў у санкцыйных юрысдыкцыях расказаў дырэктар юрыдычнай кампаніі «Эканамічныя спрэчкі» Сяргей Бяляўскі.

– Ёсць стэрэатып, што ў еўрапейскіх краінах немагчыма спагнаць запазычанасць з контрагента. Мая мэта – развеяць гэты стэрэатып. Практыка такая, што замежныя суды выносяць рашэнні аб спагнанні запазычанасці на карысць беларускіх контрагентаў і нават контрагентаў, якія непасрэдна ўтрымліваюцца ў санкцыйных спісах. Таму не трэба баяцца ісці такім шляхам і памятаць, што ў грамадзянскім заканадаўстве ёсць такое паняцце, як іскавая даўнасць: калі своечасова гэта не зрабіць, то грашовыя сродкі ўвогуле ніколі не вернуцца ў Рэспубліку Беларусь, – адзначыў Сяргей Бяляўскі.

Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу на тым, што ў такіх неспрыяльных падзеях, з якімі сутыкнулася беларуская эканоміка, ёсць пэўная карысць. Бізнэс стаў больш акуратна заключаць дамовы з контрагентамі. Калі раней гэта ўсё было на драйве і пасля ўзнікала шмат судовых спрэчак аб спагнанні запазычанасці, то зараз беларускі суб'ект гаспадарання старанна правярае контрагентаў і не з кожным уступіць у гандлёва-эканамічныя адносіны. Як следства, спрэчак стала менш.

У той жа час, паводле слоў Сяргея Бяляўскага, улічваючы наступствы перспектывы выканання судовых рашэнняў, трэба старанна выбіраць, дзе гэтыя спрэчкі разглядаць. Ёсць два варыянты – нацыянальныя суды і арбітражныя суды. І ва ўмовах санкцыйнай рэчаіснасці перавагі варта аддаваць менавіта арбітражу, таму што ў наступным шанцы на прызнанне і прывядзенне ў выкананне рашэнняў менавіта арбітражу за мяжой максімальна высокія – каля 95%. Еўропа і ЗША не выключэнне.

Таксама падчас семінара разглядаліся пытанні паспяховага досведу гандлю з Еўрапейскім саюзам, лагістычных рашэнняў у новых умовах, а таксама падыходы да арганізацыі знешнеэканамічнай дзейнасці ў частцы міжнародных разлікаў.

Фота
Наверх