
Семінар на тэму «Выхад на рынкі ЕАЭС, прэферэнцыі ў дзяржзакупках у Рэспубліцы Беларусь», арганізаваны Беларускай гандлёва-прамысловай палатай, адбыўся ў Мінску. Змяненне заканадаўства, парадак уключэння ў еўразійскія рэестры, тэрміны падачы дакументаў – гэтыя і іншыя пытанні былі разгледжаны ў ходзе дыскусіі бізнесу з дзяржорганамі і профільнымі арганізацыямі.
Мерапрыемства выклікала вялікую цікавасць сярод прысутных – прадстаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў розных сфер дзейнасці. Па ацэнках Еўразійскай эканамічнай камісіі, рынак дзяржпаслуг у ЕАЭС у 2024 годзе склаў 200 млрд долараў. А вось рынак узаемнага ўдзелу краін – членаў ЕАЭС усяго толькі паўмільярда – каля 1%.
– У сувязі з гэтым перад беларускімі прадпрыемствамі адкрываюцца вялікія перспектывы пры выхадзе на рынак дзяржзакупак у ЕАЭС. Гэтым пытанням быў прысвечаны першы блок семінара. Тут спецыялісты растлумачылі, як уключыцца ў Еўразійскі рэестр прамысловых тавараў, расказалі аб нюансах Рашэння Савета ЕЭК № 105, для таго каб беларускі бізнес мог выйсці на рынак дзяржзакупак ЕАЭС, – расказаў намеснік старшыні БелГПП Дзяніс Мялешкін.
Пры гэтым ён адзначыў, што беларускія прадпрыемствы самыя актыўныя з пункту гледжання ўключэння ў рэестры ЕАЭС сваіх тавараў – больш за 25 тыс. тавараў каля 250 беларускіх прадпрыемстваў уключана ў Еўразійскі рэестр прамысловых тавараў, што складае каля 75% ад усёй колькасці ўключаных прадпрыемстваў і тавараў у гэты рэестр.
Другі блок семінара быў прысвечаны беларускаму рынку дзяржаўных закупак. Дзяніс Мялешкін канстатаваў: у 2024 годзе аб'ём заключаных здзелак склаў 4,6 млрд беларускіх рублёў. Таму тэма таксама выклікала жывую цікавасць у суб'ектаў гаспадарання. На семінары былі разгледжаны пытанні змянення заканадаўства ў гэтай сферы, як атрымаць прэферэнцыі пры выхадзе на рынак дзяржзакупак Рэспублікі Беларусь.
У фінале мерапрыемства адбыліся індывідуальныя кансультацыі членаў БелГПП па пытаннях уключэння ў рэестр прамысловай прадукцыі Рэспублікі Беларусь і Еўразійскі рэестр прамысловых тавараў.